Традыцыйны летні open-air фестываль Grodno Jazz сёлета адмянілі. У Гродзенскай абласной філармоніі расказалі, што фестываль «зжыў сябе», а квіткі з кожным годам прадаюцца ўсё горш. Таму Grodno Jazz вырашылі перанесці на восень і правесці ў будынку філармоніі.
— Фестываль адменены па ўзаемным рашэнні кіраўнікоў філармоніі, — расказвае Ганна Лычкоўская, намеснік дырэктара па канцэртна-гастрольнай дзейнасці Гродзенская абласной філармоніі. — Grodno Jazz будзе, яго канцэпцыя будзе змяняцца і пераглядзецца. Думаю, што ён пройдзе восенню і, магчыма, на тэрыторыі філармоніі.
Оўпэн-эйр яшчэ можа вярнуцца
Фестываль захавае джазавую накіраванасць. Магчымая назва — «Джазавыя вечарыны». Канцэпцыю яшчэ абмяркоўваюць.
— Мы прыйшлі да таго, што варта нешта змяняць. Магчыма, людзям будзе цікава нешта новенькае. Калі не, то мы будзем вяртацца да фармату летняга оўпэн-эйра, — кажа Ганна.
С кожным годам колькасць купленых квіткоў падае. «Калі мы ў 2006 годзе заявілі пра Grodno Jazz, гэтаму мерапрыемству не было роўных. Мы былі адзінымі, што працаваў у джазавым жанры ў Гродзенскай вобласці. Зараз у нас шмат джазавых мерапрыемстваў у Гродне, — кажа Ганна. — Цэны падаюць, наведвальнасць зніжаецца. Таму мы вырашылі пераглядзець канцэпцыю і знайсці нешта новае».
Фестываль меў адбыцца 23 і 24 чэрвеня. Гэта быў бы 12-ы па ліку Grodno Jazz. Кожны год на фестываль прыязджалі знакамітыя джазавыя музыканты з Беларусі і замежжа. Квіткі на адменены фестываль можна вярнуць у касу філармоніі (вул. Гарнавых, 17).