Жыхары Гародні, якія назіралі рух калоны, кажуць, што ў ёй былі БМП-2, артылерыйскія ўстаноўкі, а таксама грузавікі МАЗ, піша sputnik.by. Відавочцы разыходзяцца ў меркаванні, колькі тэхнікі праехала па абласным цэнтры, некаторыя гродзенцы налічылі 97 адзінак.
Паводле інфармацыі гродзенцаў, па горадзе рухаліся ваенныя машыны 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якая размешчана ў абласным цэнтры.
На фатаграфіі відаць, што беларускія вайскоўцы едуць па вуліцы Паповіча, праз Новы мост, хутчэй за ўсё, на палігон у пасёлак Гожа, які размешчаны паблізу межаў Літвы і Польшчы.
«Гродзенская праўда» піша, што так адпрацоўваюць абарону ваенных і дзяржаб’ектаў пад Гродна. Двухбаковая камандна-штабная ваенная гульня з 6 і 11 асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады праходзіць пад Гродна, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны.
Гульня стартавала 12 чэрвеня і праходзіць пад кіраўніцтвам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёра Віктара Хрэніна.
— Падчас мерапрыемства з мэтай навучання войскаў і штабоў прадугледжана адпрацоўка аховы і абароны важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў, вядзення разведкі і агнявога паражэння праціўніка, кіравання механізаванымі воінскімі часцямі і падраздзяленнямі ў ходзе баявых дзеянняў, — адзначылі ў ваенным ведамстве.
Праводзіцца гульня на палігоне Гожскі. Прадоўжыцца яна да 20 чэрвеня.