Планы памяняліся і 12 чэрвеня прыватніку забаранілі будаваць у Швейцарскай даліне ў гістарычным цэнтры Гродна. Пытанне ў Гродзенскім гарвыканкаме вырашылі імгненна — літаральна за паўгадзіны да бетаніравання пляцоўкі.

Яшчэ б 30 хвілін — і вялікі кавалак зялёнай зоны ў Швейцарскай даліне залілі б бетонам для будучага скаладрома. Своечасовы званок прадпрымальніку Мікалаю Паўлюкевічу прыпыніў працы.

«Мы пачалі працы з самай раніцы, але ў сярэдзіне дня спыніліся па ўказанні гарвыканкама, — распавядае Мікалай. — Машына з вялікай колькасцю бетону ўжо ехала і калі нам патэлефанавалі на 30 хвілін пазней, то ўсё ўжо было б заліта».

Прадпрымальнік кажа, што ягоны вяровачны парк зараз завіс і, магчыма, ён паўстане ў іншым фармаце.

Упраўленне архітэктуры забараніла будаваць скаладром у Швейцарскай даліне
Зараз будаўнікі разбіраюць сваю канструкцыю і вымушаныя будуць нанова ўпарадкаваць тэрыторыю ў Швейцарскай даліне

Вяровачны парк — так, збудаванне — не

Чаму работы вырашылі спыніць, Hrodna.life спытаў у аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Як аказалася, у прыватніка не было дазволу на будаўніцтва.

«Усе будаўнічыя працы ў гістарычнай частцы горада трэба ўзгадняць з мясцовай архітэктурай і Міністэрствам культуры. Размова з прыватнікам была пра іншае: што будзе проста вяровачны парк. А ў дадзеным выпадку яны хацелі ўзвесці збудаванне. І мы ім забаранілі гэта зрабіць», — распавёў выканаўца абавязкаў галоўнага архітэктара горада Дзмітрый Вабішчэвіч.

Даведка

Швейцарская даліна ў Гродне — маляўнічы паркавы комплекс у цэнтральнай частцы горада. Гісторыя яго стварэння сыходзіць каранямі ў 18 стагоддзе і звязана з імем гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза.

Упраўленне архітэктуры забараніла будаваць скаладром у Швейцарскай даліне