“ВелаГродна” запрашае гродзенцаў прыняць удзел у велапаездцы на чацвёрты форт Гродзенскай крэпасці. Падчас паездкі наведвальнікі ўбачаць экспазіцыю “Партызанскі лагер” і адпачнуць на вадасховішчы “Юбілейнае”, піша ВелаГродна.

Выезд плануецца на суботу, 16 чэрвеня, 10.00. Даўжыня маршруту складае каля 35 км. Складанасць маршруту: 20% – асфальт і плітка, 80% – жвіровыя і лясныя дарогі, па шляху сустракаюцца горкі і пясок. Арганізатары кажуць, што непадрыхтаванаму веласіпедысту можа быць цяжка, але “няма непераадольных шляхоў”. Тэмп, які будуць развіваць веласіпедысты, – 12 км/г. Экскурсія з прыпынкамі, экскурсіяй, абедам і адпачынкам на Юбілейным возеры зойме каля васьмі гадзін.

Гродзенцаў запрашаюць на велаэкскурсію па Гродзенскім форце

З сабой мець:

– Спраўны ровар

– Вада, мінімум 1 літр

– Абед / перакус (крама будзе знаходзіцца толькі ў канцы шляху на возеры Юбілейным)

– Вятроўку або куртку

– Рэкамендуюць таксама мець: шлем, камплект для рамонту, яркую вопратку, дажджавік (у залежнасці ад надвор’я), сродак ад насякомых

– Пазітыўны настрой

Гродзенцаў запрашаюць на велаэкскурсію па Гродзенскім форце

Зарэгістравацца на экскурсію можна па спасылцы. Паўдзельнічаць у ёй змогуць 15 чалавек. Дзеці і падлеткі, малодшыя за 14 гадоў, удзельнічаюць толькі ў суправаджэнні бацькоў. Унёскі за экскурсію: наведванне фарта і экскурсія – 2 рублі, экскурсія па Партызанскім лагеру – 2 рублі, унёсак на развіццё “ВелаГродна” – 2 рублі.

Гэта не першая экскурсія ВелаГродна. 29 красавіка аб’яднанне «ВелаГродна» і гісторык Яўген Махнач правялі першую ў Гродне велаэкскурсію, якую наведала каля 20 чалавек. Двухгадзінны маршрут праходзіў уздоўж набярэжнай Нёмана і па гістарычным цэнтры горада.


Гродзенская крэпасць — сістэма ўмацаванняў вакол Гродна, функцыянавала як фартовая крэпасць Расійскай Імперыі, Германскай імперыі і Польскай Рэспублікі. Крэпасць складалася з вялікай колькасці фартыфікацыйных умацаванняў, цэнтральнае месца сярод якіх займалі фарты. Фарты Гродзенскай крэпасці акружалі горад Гродна з усіх бакоў, знаходзячыся на адлегласці каля 10 км ад яго. Сёння найлепш захаваўся форт №4.

Захаваўшыяся да нашых дзён земляныя фарты былі ўзведзены ў 1887−1889 гадах. Гэтыя будынкі з’яўляюцца славутасцямі Гродзенскага раёна, архітэктурнымі помнікамі і ўзорамі фартыфікацыйнага мастацтва ХIХ стагоддзя. Большасць іншых фартоў Гродзенскай крэпасці так і не былі дабудаваныя да пачатку Першай сусветнай вайны. Больш за тое, падчас той вайны, яны часта былі ўзарваныя адступаючымі войскамі, таму на дадзены момант фактычна страчаны. Побач з некаторымі з фартоў размешчаны брацкія магілы салдат Першай сусветнай. Ёсць таксама помнікі, прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны.