Сёлета на другі дзень байк-фэсту завітаюць падапечныя дзіцячага хоспісу. Падтрымаць іх можна будзе, ахвяраваўшы грошы валанцёрам ці праз ўдзел ў аукцыёне. Лот пакуль трымаюць у сакрэце. Але абяцаюць, што гэта будзе карысная рэч, якая будзе пасаваць і мужчынам, і жанчынам.
Аукцыён правядуць на другі дзень фестывалю, 9 чэрвеня. Лот разыграюць адзін, але які! Гэта рэчы ручной працы, якія карысныя ў быту і пасуюць пад тэматыку байк-фэста. Лот зборны і разлічаны на сям’ю. Калі яго набудзе мужчына, частку рэчаў зможа аддаць жанчыне або дзіцяці.
На фестываль завязуць пяць сямей з хоспісу. Яны там змогуць пагуляць, пасядзець у кафе, пафатагравацца з байкамі і байкерамі. Такую акцыю прапанаваў гродзенскі байк-клуб «Насарогі». Таксама на фэсце будуць раздаваць улёткі пра дзесяцігоддзе хоспісу, а валанцёры будуць збіраць ахвараванні. А ў мотакалонне на гораду байкеры праедуць са сцягамі Гродзенскага дзіцячага хоспісу.
— Людзі думаюць, што дзеці ў хоспісе ляжаць і паміраюць. Мы хочам паказаць, што нашыя дзеці таксама ёсць, і іх падтрымліваюць такія крутыя брутальныя байкеры на матацыклах. І яны маюць сэрца і даюць цяпло дзецям. Ніколі байкеры не адмаўляюцца ад просьбы сфатаграфавацца і па-сяброўску ставяцца да дзяцей, — кажа Марыя Бразінская, псіхолаг хоспісу.
Арганізатары байк-фестывалю падтрымліваюць дабрачынныя арганізацыі не першы раз. У пазамінулым годзе яны падтрымлівалі Гродзенскі дзіцячы хоспіс, у мінулым — зааахоўныя арганізацыі.