Больш за тры месяцы гродзенец Валерый ездзіць па горадзе на электрабайку, паставіўшы ў гараж звычайны ровар, на якім ад’ездзіў больш за 30 гадоў. Чым яму гэтак спадабаўся новы транспарт, даведаўся Hrodna.life.
Сучасны электрабайк амаль не адрозніваецца ад звычайнага ровара. Акумулятары для іх важаць зусім няшмат, іх можна спакойна зняць і паставіць дома на падзарадку. Французскі электраровар Валерый купіў у Мінску за 800 долараў. Гэта ў два разы даражэй за добры горны ровар.
«Я шмат ездзіў на звычайным ровары і аднойчы трапіў на пяшчаную дарогу. Тады ў мяне пачаліся праблемы, — распавядае Валерый. — Вырашыў купіць новы двухколавы транспарт і абраў электравеласіпед. Шчыра, калі на яго ўпершыню сеў, не быў у захапленні. Задавальненне атрымаў праз некалькі дзён. Каб прывыкнуць да такога ровару трэба яшчэ навучыцца на ім ездзіць».
Для такога ровара няма перашкод
Электравеласіпед у Гродне — з’ява рэдкая, у параўнанні з іншымі еўрапейскімі гарадамі. Напрыклад, у гарадах Нямеччыны такі транспарт становіцца сур’ёзным канкурэнтам аўтамабілю, асабліва калі ўлічыць, што там для раварыстаў створаны амаль ідэальныя ўмовы.
«У Гродне я бачыў усяго некалькі электрабайкаў. Такі від транспарту ў нас яшчэ не надта папулярны. Для такога ровара няма перашкод. Ён усюды без праблем праязджае, а ў гару проста ляціць», — дадае Валерый.
Да электрабайка трэба прывыкнуць
Мужчына адзначае, што яго ровар можа ездзіць у розных рэжымах: хочаш — круці педалі, а хочаш — адпачывай і транспарт сам цябе павязе. У сярэднім батарэі ровара хапае на 80 км, а калі пры актыўным выкарыстанні, то на ў два разы меншую адлегласць. Каб зарадзіць батарэю трэба 6−8 гадзін.«Электрабайк — гэта машына, да якой трэба прывыкнуць і якую трэба яшчэ ўтрымаць. Вага майго ровара — 27 кг. За кошт вялікіх колаў мне зручна і мякка ездзіць па нашых вуліцах. А вось пакінуць ровар і пайсці ў краму мне пакуль страшна. Кожны гродзенец звяртае ўвагу на такі транспарт і прыходзіцца пакуль абмяжоўвацца невялікімі паездкамі».