У Цэнтры адпачынку і развіцця «Партал» збіраюць батарэйкі, выкарыстоўваюць кубкі замест пластыкавых шклянак і падтрымліваюць міжнародную акцыю «Гадзіна Зямлі». Па незвычайнай прасторы прагуляўся «Гродзенскі Зялёны партал».
— Уся экалагічнасць зыходзіць з рацыянальнасці і эканамічнасці, — кажа стваральнік антыкавярні Іван Пятушок. — Напрыклад, выкарыстоўваць кубкі зараз экасяброўскі трэнд. А шмат кампаній кажа: мы палічылі, што пластыкавыя шклянкі - гэта дорага, кубкі танней.
У «Партале» выкарыстоўваюць шматразовы посуд. На сценах вісяць налепкі, якія распавядаюць пра энергазберажэнне і перавагу ровараў. Каб велааматарам было зручней, супрацоўнікі і валанцёры «Партала» ўманціравалі каля антыкавярні ўласную велапаркоўку.
У антыкавярні асобна збіраюць паперу, пластыкавыя крышкі і батарэйкі. Замест лістоў выкарыстоўваюць дошку. Тут імкнуцца менш друкаваць і выкарыстоўваюць чарнавікі. Асвятляюць «Партал» святлодыёднымі лямпамі, якія служаць даўжэй.— Зараз экалагічнасць — гэта не перапрацоўка рэчаў, а максімальна доўгае выкарыстанне. У нас шмат б/у мэблі, якую нам проста аддавалі. Мы маглі б купіць канапу, але навошта, калі прасцей прывезці стары, чым купіць новы? Лаўкі і гадзіннік мы зрабілі самі. Старое люстэрка пафарбавалі і распісалі, як і старыя дзверы, — паказвае Іван.
Такім жа спосабам у антыкавярні з’явіўся акварыум, які суседзі Івана хацелі выкінуць. Нядаўна яму патэлефанавала супрацоўніца гродзенскага шклозавода, дзе разбіралі бібліятэку. Валанцёры адабралі лепшыя кнігі і арганізавалі ў «Партале» буккросінг.
Цікава, што ў Гродне паміж арганізацыямі ёсць «міграцыя» рэчаў. Напрыклад, крэсламі на мерапрыемствы абменьваюцца «Партал» і этнакрама «Цудоўня». «Мова наноў Гародня» бясплатна займаецца ў антыкавярні, наўзамен прадастаўляе праектар.[irp posts="65 309″ name="А акуляры здымаць? На выпускным «Мовы Нанова» Віталь Гуркоў вучыў студэнтаў баксіраваць"]
У «Партале» праходзяць трэнінгі, майстар-класы, канцэрты, гульнятэкі, кінапрагляды. Цэнтр падтрымлівае акцыю «Гадзіна Зямлі» і прапагандуе здаровы лад жыцця. Безлімітныя знаходжанне тут каштуе крыху больш, чым келіх піва ў бары. А за гэтыя грошы можна наведаць канцэрт, пагуляць у настольныя гульні і развіць свае інтэлектуальныя здольнасці.