Беларусы пачалі падпісваць петыцыю, каб хрысціянскіх святароў і семінарыстаў не забіралі у войска. Яе накіруюць у Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства абароны.
«У царквы і касцёла ёсць сваё войска. І гэта святары. Гэтае войска таксама перажывае недахоп прызыўнікоў. „Жніво сапраўды вялікае, але работнікаў мала. Таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё“ (Лк 10, 2). Дазвольце семінарыстам і святарам служыць у цэрквах і касцёлах», — гаворыцца ў тэксце петыцыі.
Дзясяткі выхаванцаў духоўных семінарый, каталіцкіх і праваслаўных, а таксама дзеючыя святары атрымалі позвы з ваенкаматаў. Першыя прызыўнікі з шэрагаў духавенства мусяць накіравацца служыць у войска ўжо ў панядзелак, 28 мая.
Раней для прызыўнікоў з колаў духавенства заўсёды дзейнічала адтэрміноўка, рашэнне аб якой прымаў кіраўнік краіны.
Цяпер семінарыі могуць апусцець і закрыцца на паўгады.
Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі накіравала зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разгледзець пытанне аб прадастаўленні адтэрміноўкі ад праходжання вайсковай службы семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту. Беларуская праваслаўная Царква таксама звярнулася па тлумачэнні па гэтым пытанні ў Міністэрства абароны.