У будынка, які знаходзіцца на вуліцы Калючынскай, 23, пакуль гатовы толькі фасад. Аб’ект плануюць здаць цалкам да верасня. Там павінен адкрыцца рэстаран «Хотей» і апарт-гатэль.

Фотафакт: Сямашка паказаў свой новы аб'ект у цэнтры Гродна

Акрамя гэтага ў будынку плануюць размясціць яшчэ фітнес-цэнтр і офісы. Побач з’явіцца паркоўка для 20 аўтамабіляў.

Мела быць толькі гасцініца

Нежылы будынак на вуліцы Калючынскай прадпрымальнік Станіслаў Сямашка набыў на аўкцыёне ў 2016 годзе. Згодна з умовамі таргоў будынак трэба было рэканструяваць пад грамадскі аб’ект.

Сямашка атрымаў дазвол на праектаванне гасцінічнага комплексу, зрабіў праектную дакументацыю, якую ўзгаднілі на мясцовым і рэспубліканскім узроўнях. У канцы лютага 2017 года пачаліся работы ў паскораным рэжыме: планавалася, што да канца года гасцiнiцу здадуць. У канцы кастрычніка 2017 года бізнесмен звярнуўся ў гарвыканкам для карэкціроўкі праекту. Тады стала вядома, што гасцініца не будзе займаць увесь будынак.

Даведка

Дом па вуліцы Калючынскай, 23 быў пабудаваны да вялікага пажару горада 1885 г. Ён быў адным з найбольшых будынкаў тагачаснага Гродна. У ім размяшчаліся яўрэйскiя школы. Тут працавалі будучыя галоўныя рабіны Тэль-Авіва і Ізраіля Амiель і Унтэрман. У савецкi час у доме размяшчаўся інтэрнат, а з часам будынак прызналі непрыдатным для жыцця.

Фотафакт: Сямашка паказаў свой новы аб'ект у цэнтры Гродна
Будынак да пачатку рэканструкцыі