На платформе Talaka пачаўся збор сродкаў на ўсталяванне помніка Юліюсу Столе, які заснаваў шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы.
Шклозаводу «Нёман» у Бярозаўцы, Лідскага раёну, сёлета спаўняецца 135 гадоў. Гісторыя гэтага месца непарыўна звязана з развіццём шклозавода «Нёман». Але у горадзе да гэтай пары няма помніка заснавальніку завода Юліюсу Столе.
Юліюс Аўгусцінавіч Столе, спачатку арандатар, а потым і ўладальнік шкляной гуты ў Бярозаўцы, арганізаваў шкляную кампанію, якая хутка набыла вядомасць на сусветным рынку пад назваю Крыштальная фабрыка «Нёман».
Прадукцыя фабрыкі шырока распаўсюджвалася ў Еўропе: у Францыі, Аўстрыі, Вугоршчыне. Пазней прадукцыя адпраўлялася ў Канаду і ЗША. З гутаю «Нёман» супрацоўнічалі адмыслоўцы з Чэхіі, Польшчы, Нямеччыны, Бельгіі. Вакол шклозавода і вырас горад Бярозаўка.
«Лічым, што асоба Юліюса Столе мусіць быць належным чынам ушанавана ў Бярозаўцы. У гарадскім скверы Бярозаўкі павiнен з’явіцца помнік Юліюсу Столе», — пiша аўтар праекта Вітольд Ашурак.
Падтрымаць праект можна на краўдфандынгавай платформе Talaka: www.talaka.org/projects/2853/team