Курсы беларускай мовы “Мова Нанова” скончылі дзявяты сезон і выйшлі на вакацыі. Адзначыць выпускны разам са студэнтамі прыехаў знакаміты беларускі баец і музыка Віталь Гуркоў.

Па выніках гэтага года найлепшай студэнткай стала Святлана Самойленка. Яе ўзнагародзілі як за добрае веданне мовы, так і за яе папулярызацыю – сёлета Святлана звярталася ў гарвыканкам з прапановай трансляваць вершы і ўрыўкі з празаічных твораў у салонах аўтобусаў і тралейбусаў .

Пасля моўнага інтэрактыву перад слухачамі выступіў Віталь Гуркоў. Спартсмен расказаў пра свае трэніроўкі, удзел у зборы сродкаў на помнік Тадэвушу Касцюшку, уласную лінейку адзення і сваю матывацыю.
“Я хачу паказаць, што можна быць паспяховым спартсменам і разам з тым рабіць тое, што любіш,” – сказаў Віталь, маючы на ўвазе і сваю музычную дзейнасць.
“Як пачаць трэніравацца, калі ты дрышч?”
Студэнтаў цікавіла пытанне, як пачаць займацца чалавеку з зусім не спартыўным целаскладам. Спартсмен адказаў, што для поспеху галоўнае – пастаянства.
“Трэба параўноўваць сябе сённяшняга з сабой учарашнім. Трэба проста паспрабаваць, прыняць рашэнне. Мы самі робім выбар, дзе нам быць і чым займацца,” – сказаў Віталь.

А пачаць трэніроўку цікаўнаму студэнту Віталь прапанаваў проста падчас заняткаў. Так, госць прадэманстраваў самыя асновы – як правільна стаяць, трымаць рукі і трапна біць. Ад спарынгу, праўда, вырашылі адмовіцца.
Пасля заняткаў прыхільнікі доўга не адпускалі госця – Віталь ахвотна з усімі фатаграфаваўся і даваў аўтографы.




