Людзі і справы

«Упершыню я прыехаў у Гродна на ровары». Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў свята ў Альшанцы (+анекдот ад мітрапаліта)

У Альшанку на ўрачыстасць прыехаў глава Каталіцкага Касцёла ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён расказаў, што ў дзяцінстве ездзіў у Гродна акурат па бетонцы, што вядзе да Альшанкі.

Свята Спаслання Святога Духа, або ў народзе Сёмуха, — галоўнае свята для католікаў Альшанкі, бо парафія носіць імя Святога Духа. На фэст тут зладзілі вялікае свята.

Галоўнае богаслужэнне праводзілі на адкрытым паветры, бо ўсе вернікі не змясціліся б у каплічцы. Дзеля гэтага ўсталявалі вялікі мабільны алтар на колах.

Урачыстасць узначаліў кіраўнік Мінска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён паходзіць з Адэльску.

Настаяцель парафіі ксёндз Павел Салабуда адзначыў, што тут мітрапаліт можа адчуваць сябе, як дома. Дарога з Альшанкі вядзе акурат на Адэльск.

— Упершыню я прыехаў па бетонцы ў Гродна на ровары, — прызнаўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп удзяліў моладзі сакрамант мірапамазання.

У той жа дзень малодшыя дзеці прымалі першае Прычасце.

— Новага чалавека стварае Святы Дух, які дзейнічае ў касцёле дзве тысячы год. Апосталы пасля прыходу Святога Духа з баязлівых становяцца рыцарамі веры. Яны выходзяць на вуліцы Іерусаліма і абвяшчаюць распятага і ўваскрослага Хрыста. І ўсе людзі іх разумеюць. Святы Дух далей дзейнічае ў Касцёле, каб нас весці да новага жыцця, — казаў у пропаведзі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У канцы богаслужэння мітрапаліт расказаў «прафесійны» жарт.

«Малады святар не ўмеў гаварыць пропаведзі. Біскуп прыехаў праверыць, як у таго атрымліваецца. Ксёндз рыхтаваўся ўсю ноч, але як выйшаў на амбон, на ўсё забыўся.

— Вы ведаеце, што я хачу вам сказаць? — запытаўся ён у вернікаў.

— Не.

— І я не ведаю. Амэн.

На другой спробе ўсё паўтарылася. Перад пропаведдзю святар забыўся тэкст.

— Вы ведаеце, што я хачу вам сказаць?

— Ведаем, — адказалі вернікі.

— Тады навошта вам нешта казаць? Амэн.

Біскуп даў трэцюю магчымасць.

— Вы ведаеце, што я хачу вам сказаць? — традыцыйна пачаў святар.

Людзі раздзяліліся. Палова сцвярджала, што ведае, рэшта — што не.

— Тады тыя, хто ведае, няхай раскажа тым, хто не ведае. Амэн.

Біскуп пахваліў маладога святара: менавіта так трэба навучаць добрай навіне".

Пасля богаслужэння дзяцей пачаставалі марожаным. На свята каля капліцы малыя таксама маглі паскакаць на батуце, пакатацца з надзіманых горак або паласавацца слодычамі. Увечары зладзілі канцэрт і салодкі стол.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Літва забараніла перасякаць мяжу на матацыклах і мапедах — іх стала занадта шмат

Зараз праз памежныя пераходы ў Медынінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) можна…

16 красавіка 2025

У Гродне прадаюць вядомы начны клуб — з абсталяваннем, штатам і базай кліентаў

У Гродне на продаж выставілі начны клуб "Калізей 2000". Ён прадаецца як гатовы бізнес. Паглядзелі,…

16 красавіка 2025

У Гродне прадаюць падвал з дызайнерскім рамонтам

Прадаюць камерцыйнае памяшканне ў падвале будынка на вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 17. Там дызайнерскі рамонт у…

16 красавіка 2025

У Гродне прадаюць маёмасць фірмы «Новое зрение». Клініку пазбавілі ліцэнзіі - яна сышла з Беларусі

У Гродне з аўкцыёну прадаюць памяшканне афтальмалагічнага цэнтра "Новое зрение" на вул. Леніна, 13-3. У…

15 красавіка 2025

У Гродне адкрыўся «партал у 90-я» — чарачная DEHDИ. Уладальнікі адсылаюць да рускіх фільмаў

Чарачная “са смакам дзяцінства” DEHDИ адкрылася ў Гродне на вул. 1-й Працоўнай, 8. Уладальнікі абяцаюць,…

15 красавіка 2025

У Гродне з’явіўся «пакой лютасці» — там легальна можна знішчаць рэчы і тэхніку

У Гродне на Лідскай, 15А адкрыўся "пакой лютасці". Ва ўстанове пад назвай «Дебошь» можна скінуць…

15 красавіка 2025