Ужо ў чэрвені новы прычал на правым беразе Нёмана зможа прымаць першыя маламерныя суда. Цяпер яго добраўпарадкаваннем займаюцца гарадскія службы. З дапамогай такога прычала ў цэнтры горад плануе развіваць новы від паслуг — воднае таксі.
«Прычал прызначаны для маламерных судоў і ўжо ў чэрвені мы плануем запусціць па Нёмане першае воднае таксі, — распавядае начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь. — Да нас звярнулася грамадскасць, якая мае на балансе маламерныя суда. І тады гарвыканкам вырашыў арганізаваць у Гродна дадатковы варыянт баўлення вольнага часу — магчымасць паглядзець горад з Нёмана».
Аказваць паслугі воднага таксі будуць прыватныя асобы, распавёў чыноўнік.Нагадаем, у Гродне на Нёмане будуюць яшчэ адзін прычал — побач з базай адпачынку «Прывал».