Дыдзье і Араі Iну з французкага рэгіёну Брэтань прыехалі ў Гродна 21 мая на сваім пазадарожніку Land Rover Defender. Яны плануюць за два тыдні праехаць вакол Беларусі.
Пара падарожнічае ўжо больш за тры месяцы. За гэты час яны наведалі многія еўрапейскія краіны, а нават Алжыр і Туніс у паўночнай Афрыцы. У Беларусь французскія пенсіянеры прыехалі, бо хацелі адкрыць для сябе новую краіну.
«Мяжу Еўрасаюза з Беларуссю мы прайшлі за 2 гадзіны. Гэта доўга, — адзначае Дыдзье. — Першы горад, дзе мы спыніліся — Гродна. Гэта прыгожае месца, плануем тут пагуляць і паглядзець мясцовыя славутасці. Пасля Гродна паедзем на Аўгустоўскі канал, а пасля адправімся вакол Беларусі».
У планах у пары праехаць Беларусь за два тыдні і наведаць самыя буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Брэст і іншыя.
«У Францыі людзі на пенсіі могуць спакойна падарожнічаць, вось і мы з жонкай выбраліся. За чатыры месяцы па Еўропе мы ўжо пераадолелі каля 6000 км. У Беларусі мы плануем затрымацца на два тыдні, хоць віза ў нас на 30 дзён. Мы ўжо аб’ехалі амаль усю Еўропу і Беларусь для нас новая краіна. Будзем знаёміцца. Пакуль нам усё падабаецца», — дадае Дыдзье.Перасоўваюцца пенсіянеры на пазадарожніку Land Rover Defender, які адмыслова куплялі для падарожжаў.
«Машына ў нас добрая — брытанская, але дарагая. У нас у рэгіёне такіх вельмі мала. Нас яна задавальняе, бо на ёй добра падарожнічаць. У гэтым пазадарожніку ёсць усё, што трэба для доўгіх паездак: двухмесны ложак, туалет, душ, пліта, халадзільнік і іншае. Нам не патрэбныя гасцініцы», — сказаў мужчына.
Пасля Беларусі пара паедзе ў Польшчу, Чэхію, Румынію і ў іншыя краіны Еўропы. У чэрвені сям’я плануе вярнуцца ў Францыю.