У Мексіцы 20 мая завяршыўся Чэмпіянат свету па тайскім боксе. У апошні дзень спаборніцтваў прадстаўнік Гродна Дзмітрый Варац, які выступае за зборную Беларусі, здолеў у фінале перамагчы вугорца і ўзяць золата чэмпіянату.
Каб абараніць тытул чэмпіёна свету Дзмітрыю прыйшлося правесці чатыры баі. Традыцыйна гродзенец біўся ў сваёй катэгорыі 67 кілаграмаў.
У першым паядынку Варац адолеў амерыканца, накаўтаваўшы яго локцем з развароту. Далей Дзмітрый прайшоў рускага байца і выйшаў у паўфінал з казахам. Там гродзенец апынуўся мацнейшым за суперніка і яго чакаў фінал з вугорцам. У апошні дзень спаборніцтваў Дзмітрый біўся за званне чэмпіёна свету. У фінале па ачках Варац здолеў абыйсці вугорца і абараніць тытул чэмпіёна свету.
Нагадаем, Дзмітрый і ў 2017 годзе на Чэмпіянаце свету ў Мінску перамог у фінальным паядынку. Тады гродзенец накаўтам перамог байца з Тайланда і ўзяў залаты медаль.
Усяго на чэмпіянаце свету ў Мексіцы зборная Беларусі заваявала 8 медалёў - пятае агульнакаманднае месца: 2 золата, 3 срэбра і 3 бронзы. А першае агульнакаманднае месца заняла зборная Расіі, у якой на рахунку 22 медалі.