«Мікра-кабарэ» з трох музыкаў - Святланы Бень, Арцёма Залескага і Арцёма Астрашэўскага — гіпнатызавала гродзенцаў дзівосным інструментам тэрменавоксам і сваімі іранічнымі тэкстамі. Канцэрт чальцоў «Серебряной свадьбы» прайшоў у Гродне 12 мая.
Сваю праграму музыканты назвалі «Электракаханне. Гісторыі-Мікрадрамы-Здарэнні». Яны кажуць, што ў іх песнях сустракаюцца «трагічныя і пранізлівыя гісторыі кахання мікробаў і прадавачак, супергерояў і гарадскіх вар’ятаў, лёсы верабейчыкаў, снегавікоў і капітанаў далёкага плавання зліваюцца ў асаблівае апавяданне, дзе ёсць месца і пранізліваму суму і галавакружнай радасці».
«Серебряная свадьба» — гэта кабарэ-бэнд, які гіпнатызуе і трымае ў напружанні падчас усяго выступу. Іх песні заганялі б у дэпрэсію, калі не былі б настолькі іранічнымі. А тэрменавокс дадаваў містычнасці выступу.