Прычал для малога рачнога транспарту і пляж са спартовымі пляцоўкамі пачалі будаваць на беразе Нёмана каля базы адпачынку «Прывал» ў красавіку 2018. Але скончаць працу будаўнікі яшчэ не хутка. Афіцыйнае адкрыццё аб’ектаў запланавана на 2019 год.
Праект прычала распрацаваў інстытут «Гроднагіпрабуд». Ён прадугледжвае будаўніцтва прычала, пірса і пляцоўкі для захоўвання маламерных судоў, а таксама пад’езд да месца спуску суднаў на ваду.
Сёння каля «Прывала» актыўна чысцяць рэчышча Нёмана. На беразе ідзе будаўніцтва пляжа з валейбольнай і футбольнай пляцоўкамі ды тэнісным кортам.
Плануецца, што да верасня скончацца асноўныя работы на беразе. Афіцыйна аб’екты адкрыюць у 2019 годзе. У будучыні пляжам змогуць карыстацца наведвальнікі базы адпачынку.
У планах «Прывала» таксама будаўніцтва моста на іншы бераг ракі. Цяпер гэта пытанне на стадыі праектавання і актыўна абмяркоўваецца кіраўніцтвам.