Кнігу “Сакральнае мастацтва Гродзеншчыны” прадставілі 25 красавіка аўтарка Любоў Зорына і выдавец Алесь Рыжы. У аснову кнігі ляглі матэрыялы абследванняў 128 касцёлаў і цэркваў рэгіёна, зробленыя ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Прэзентацыя адбылася ў гарадской бібліятэцы імя Макаёнка.

“Не ўсе змагла сфатаграфаваць, – узгадвае Любоў Зорына працу ў даследчых экспедыцыях, – часам проста не было фотаплёнкі. Альбо – не было паперы, каб надрукаваць здымкі. Засталося яшчэ шмат культурных каштоўнасцяў каторыя ў кнігу не ўвайшлі”. Тым не менш – у кнізе змешчана больш 100 каляровых і больш 300 чорна-белых здымкаў прадметаў культу.

Тое, што доўгі час не публікавала гэтыя здымкі, аўтарка тлумачыць апасеннямі аб захоўванні мастацкіх каштоўнасцяў. “Працуючы мастацтвазнаўам-кантралёрам культурных каштоўнасцяў, якія перамяшчаюцца праз мяжу, я бачыла, колькі іх вывозіцца. І чым больш людзей пра іх ведаюць, тым большая магчымасць іх страціць. Апошнія 10 гадоў працэс страты носіць проста неадваротны характар. Бачу, што з храмаў знікаюць каштоўныя характэрныя рэчы. Вырашыла, што трэба абнародаваць гэты матэрыял”.

Вялікую частку кнігі складаюць вопісы маёмасці храмаў на XIX і часткова XX стагодзі, асобныя раздзелы прысвечаны асаблівасцям уніяцкага мастацтва рэгіёна, мастакам, што стваралі іконы і скульптуры, страчаным прадметам культу.

Любоў Зорына – вядомы гродзенскі мастацтвазнаўца і краязнаўца. Доўгі час працавала ў гісторыка-археалагічным музеі горада, а таксама была мастацтвазнаўцам-кантралёрам Гродзенскай мытні. “Сакральнае мастацтва” – ужо пятая кніга аўтаркі. З папярэдніх твораў найбольш вядомай стала кніга пра мастацкі метал Гродзеншчыны.
Набыць кнігу можна ў выдавецтве “ЮрСаПрынт”. Нагадаем, што чытачы і падпісчыкі нашага выдання маюць там зніжкі у 5 і 10% суадносна.

Больш кніг гродзенскіх аўтараў і прысвечаных Гродна можна знайсці ў рубрыцы “Чытай па-гарадзенску”:






