18-гадовы гродзенскі футбаліст Максім Мякіш падпісаў двухгадовы кантракт з партугальскім клубам “Лейрыя” (Д3). Пра гэта футбаліст паведаміў у сваім Instagram.
Максім Мякіш – выхаванец гродзенскага “Нёмана” і ў мінулым сезоне дэбютаваў у асноўным складзе “жоўта-зялёных”, двойчы выйшаўшы на замену. Футбаліст на пастаяннай аснове прадстаўляе i юнацкую зборную Беларусі. У сакавіку 2018 года ў гродзенца скончыўся кантракт з “Нёманам” і падаўжаць ён яго не стаў.
У інтэрв’ю “Прэсболу” Мякіш распавёў, чаму вырашыў так зрабiць:
– Палічыў, што ў Еўропе ў мяне таксама будуць добрыя перспектывы, а праявіць сябе на больш высокім узроўні хочацца заўсёды. Ды і тыя ж скаўты надаюць пільную ўвагу партугальскаму чэмпіянату. Вось і вырашыў: лепш рызыкнуць – і паспрабаваць, чым не рызыкнуць – і потым шкадаваць.
“Я рады далучыцца да вялікага клубу “Лейрыя”, – напісаў Мякіш.


