У панядзелак 2 красавіка гродзенскі “Нёман” у чацвёртым матчы фінальнай серыі абыграў “Юнацтва”. Перамога камандзе Сяргея Пушкова дасталася ў дадатковы час, пасля дакладнага кідка Крыскіна.

“Юнацтва” – “Нёман” 1:2 (АВ) (0:0, 0:1, 1:0, 0:1)

галы:
23.30 0:1 – С.Маляўка (Коршунаў, А.Маляўка)
49.53 1:1 – Кагалёў (Устiненка, Лапачук)
72.09 1:2 – Крыскін

Лік у серыі (да 4-х перамог): “Нёман” – “Юнацтва” 3:1

Галоўны трэнер гродзенскага “Нёмана” Сяргей Пушкоў пракаментаваў гасцявую перамогу:

– Вельмі задаволеныя гэтай перамогай. Яна была патрэбна, бо на працягу ўсяго матчу ішла роўная гульня. Праўда, у першай палове трэцяга перыяду мы аддалі суперніку ініцыятыву. На жаль, прапусцілі гол. Зрэшты, задаволены, што поспех усё ж павярнуўся да нас тварам, хоць і да другой шайбы мы мелі моманты і павінны былі закідваць. Таксама хачу сказаць вялікі дзякуй нашым заўзятарам.

З якім настроем вяртаецеся ў Гродна і наладжваецеся на пяты матч супрацьстаяння?

– Думаю, гэтая перамога, вядома, нас эмацыйна зарадзіць. Тым не менш, выразна разумеем: нас чакае проста чарговая гульня, дзе ўсё пачнецца з чыстага ліста. Да яе неабходна рыхтавацца з усёй сур’ёзнасцю.

Ужо ў Гродне ў сераду 4 красавіка “Нёман” у выпадку перамогі зможа аформіць чарговае чэмпіёнства.