Хакеісты гродзенскага “Нёмана” у сераду 28 сакавіка на сваім лёдзе абыгралі мінскае “Юнацтва” з лікам 2:1. Такім чынам чырвона-чорныя выходзяць наперад у фінальнай серыі экстралігі.

Матчы “Нёмана” з “Юнацтвам” у Гродне праходзяць традыцыйна пры перапоўненым лядовым – і гэты раз не выключэнне. Квіткі на першыя матчы фіналу былі раскуплены літаральна за некалькі дзён.

Каманды пачалі сустрэчу даволі актыўна, але вось вызначыцца змаглі толькі на 12-й хвіліне. Першую шайбу закінулі менавіта гаспадары і зрабілі гэта ў большасці. Эфектны кідок на рахунку Пасюта. Госці здолелі зраўняць лік праз дзве хвіліны. Кагалёў пасля кiдка апынуўся бліжэй за ўсіх да шайбы і дакладна патрапіў у вароты Труса.

Другі перыяд застаўся за “Нёманам”. Вывеў у гэтай дваццаціхвілінцы сваю каманду наперад Сцяпанаў, які вызначыўся на 35-й хвіліне.

У заключным перыядзе супернікі шайбамі не вызначыліся, але вось сутычак i боек было дастаткова. Асабліва заўзятарам запомнілася бойка брамнікаў каманд Труса і Мільчакова. На апошніх хвілінах матчу брамнік «Юнацтва» выехаў у цэнтр лёду і зладзіў бойку з галкіперам «Нёмана». Перамога ў бойцы брамнікаў засталася за гродзенцам. Але абодва галкіперы атрымалі выдаленне да канца гульні і адправіліся ў распранальню.

А сустрэча так і скончылася з лікам 2:1 на карысць “Нёмана”

“Нёман” – “Юнацтва” 2: 1 (1: 1, 1: 0, 0: 0)

галы:
11.09 1: 0 – Пасют (Кіслы, Багданоўскі, – бол.)
13.48 1: 1 – Кагалёў (Плотнікаў, Зямлянкiн)
35.31 2: 1 – Сцяпанаў (Лісічкін, Хараманда)

Лік у серыі (да 4-х перамог): “Нёман” – “Юнацтва” 1:0

Наступны матч паміж камандамі пройдзе ў Гродне 29 сакавіка.