Кніжкі з карцінкамі для людзей з аслабленым зрокам і тых, хто не бачыць, паказалі 27 сакавіка ў спецыяльнай бібліятэцы Гродна. Частку кніг зрабілі мясцовыя школьнікі, іншыя перадаў у падарунак дабрачынны фонд з Расіі. Гэтыя кнігі можна чытаць навобмацкі ці слухаць. Пратэставалі навінкі самыя малодшыя карыстальнікі бібліятэкі – прадстаўнікі дзіцячага садка і школы-інтэрната для дзяцей з аслабленым зрокам.
Кнігі з чароўным алоўкам
Найбольшую цікавасць у чытачоў выклікалі кніжкі з чароўным алоўкам. Іх перадалі гродзенцам прадстаўнікі дабрачыннага фонда «Иллюстрированные книжки для маленьких слепых детей» з Расіі.

Прыкладаючы аловак да старонкі ў розных месцах, можна пачуць галасы герояў кнігі ці гукі, што іх атачаяюць.
“Тут дрэва – чуеш, як шуміць? На дрэве варона. Калі дакрануцца да яе, пачуеш, як яна каркае. Пад дрэвам сядзіць герой казкі і іграе на домры. Струны можна памацаць, яны сапраўдныя. А як гучыць музычны інструмент – паслухаць”, – дапамагае разабрацца з кніжкай бібліятэкарка Раіса Ланеўская.

Чытае кніжку адзін з самых актыўных наведвальнікаў бібліятэкі, Даніла Грабіцкі. З мамай Кацярынай яны ходзяць сюды ўжо другі год. “Яму ўсё вельмі цікава, – кажа Кацярына, – як толькі ўсё паслухае і пачытае, адразу зноў ідзём у бібліятэку”.
З кніжкамі, надрукаванымі брайлем, Даніла ўжо спраўляецца самастойна. А з тымі, дзе ёсць аб’ёмныя карцінкі, напачатку патрабуецца дапамога. Трэба патлумачыць, што гэта за прадметы.
Карцінкі развіваюць сэнсорныя здольнасці
Пазнаёміцца з новымі кніжкамі прыйшлі і педагогі са спецыяльнага дзіцячага садка №81, які наведвае больш за 100 дзяцей. “Мы таксама карыстаемся ў працы такога кшталту дапаможнікамі. Частку з іх распрацоўваем і ствараем самі, пры падтрымцы бацькоў, – расказала спецыялістка па навучанні невідушчых, ціфлапедагог садка Алена Шыловіч. – Асабліва патрэбны такія кніжкі дзецям ясельнага ўзросту, каторым трэба актыўна развіваць захаваныя сэнсорныя магчымасці”.

Дарослых кніжкі таксама не пакінулі раўнадушнымі. Старшыня БелТіЗ па Гродна Ірына Новікава і Наталля Янкелевіч з камітэта па працы і занятасці таксама захапіліся карцінкамі з новых кніг.
“Тут і палічыць, і шнурочкі завязаць, і гузікі зашпіліць – усё, што патрэбна ў жыцці, можна асвоіць. Такія кніжкі развіваюць маторыку і наўпрост уплываюць на развіццё мозгу”, – зазначае Ірына Новікава.

Крок насустрач кнігам
Са словаў загадчыцы аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталлі Наземцавай, зараз у свеце шмат розных цікавостак і новых методык па стварэнні кніг для невідушчых. Гродзенцы ў гэтым накірунку толькі пачынаюць уласны шлях. “Летась мы разам са школьнікамі і настаўнікамі Кастрычніцкага раёна стваралі цёплыя кніжкі для тых, хто не бачыць. У выніку 14 кніжак зараз можна пагартаць тут, у спецыяльнай бібліятэцы”.
Насамрэч, зрабілі больш кніжак. Але некаторыя перадалі ў мясцовыя навучальныя цэнтры, куды ходзяць дзеці з захаваным зрокам. Аказалася, не ўсе зробленыя кніжкі пасуюць для невідушчых. “Мы толькі вучымся, і часам можам дапускаць памылкі. Але думаю, лепш памыляцца і праз тое вучыцца, чым увогуле застацца без кніжак”, – мяркуе Наталля Наземцава.
Спецыяльную бібліятэку для невідушчых і людзей з аслабленым зрокам у Гродне зараз наведваюць 460 карыстальнікаў, 20 з іх – дзеці. Апроч звычайных плоскадрукаваных кніг у фондах установы ёсць кнігі, надрукаваныя шрыфтом Брайля і аўдыёкнігі на дысках і касетах.










