Беласток і Гродна афіцыйна сталі гарадамі-партнёрамі 16 сакавіка. Пра супрацоўніцтва двух гарадоў дамову падпісалі старшыня гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой і прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускалоўскі.
Дамову падпісалі, каб зблізіць мясцовыя ўстановы, якія, як чакаецца, стануць больш цесна супрацоўнічаць адзін з адным, абменьвацца вопытам у арганізацыі мясцовага самакіравання, а таксама будуць разам ладзіць сацыяльныя, культурныя, спартыўныя мерапрыемствы.
— Міжнароднае супрацоўніцтва — найбольш эфектыўны спосаб прасоўвання горада за мяжой, — сказаў Тадэвуш Трускалоўскі. — Акрамя таго, ёсць прамое ўздзеянне па такіх пытаннях, як прыцягненне інвестыцый, развіццё турызму і культурнага абмену, паведамляе wyborcza.pl.
Да прыкладу, дзякуючы дамове аб партнёрстве гарадоў, універсітэт Беластока з 2009 года праводзіць сумесныя семінары і абменьваецца студэнтамі на час навучання з амерыканскім універсітэтам Вісконсін. Мяркуюць, што так жа будзе і з гродзенскім пагадненнем — абодва гарады хочуць прыцягнуць установы, арганізацыі і прадпрыемствы, якія будуць падпісваць асобныя дамовы паміж сабой і распрацоўваць канкрэтныя праграмы супрацоўніцтва.
Цікава, што польскія СМІ пішуць, што гэта першая дамова пра супрацоўніцтва. Паводле ж інфармацыі гродзенскага гарвыканкама, мы гарады-пабрацімы з 1960 года.