У панядзелак 19 сакавіка ў Доме футбола адбылося лёсаванне паўфінальных пар Кубка Беларусі розыгрышу 2017/18. Паводле лёсавання «Нёман» у паўфінале сустрэнецца з нязменным чэмпіёнам Беларусі - барысаўскім БАТЭ.

Першы матч гродзенцы правядуць на выездзе ў Барысаве 18 красавіка. А другі матч пройдзе ў Гродне 2 мая.

Камандзе Ігара Кавалевіча ўжо пастаўлена задача кіраўніцтвам горада і назіральным саветам — узяць Кубак краіны, які дасць магчымасць выхаду ў еўракубкі.

У другой пары паўфіналу Кубка сустрэнуцца «Дынама-Брэст» і Днепр-Магілёў «. Фінал турніру адбудзецца 19 мая ў Магілёве на стадыёне «Спартак «.

Як адзначае сайт «Нёмана», у Кубку Беларусі гродзенцы двойчы сустракаліся з барысаўскім клубам. Абодва разы каманды сышліся на стадыі ¼ фіналу. У гэтым супрацьстаянні пакуль назіраецца раўнавага. У сезоне 2014/15 перамога была на боку гродзенцаў 2:1, а на наступны год поспех святкавалі ўжо барысаўчане. У двухматчавым супрацьстаянні абодва разы перамаглі чэмпіёны. У Барысаве яны былі мацнейшыя 1:0, а ў гродзенскім матчы перайгралі жоўта-зялёных 2:1.