Гродзенцаў запрашаюць далучыцца да «Гадзіны Зямлі» і выключыць святло з 20:30 да 21:30 у суботу, 24 сакавіка. У акцыі прыме ўдзел гродзенскі драмтэатр, на будынку адключаць падсветку.

«Гадзіна Зямлі» — самая масавая экалагічная акцыя на планеце. Людзі ў розных кутках планеты выключаць святло і электрычныя прыборы на адну гадзіну. Такім чынам яны робяць першы крок да ашчаднага стаўлення да прыродных рэсурсаў.

Мэта сёлетняй акцыі — звярнуць увагу на тое, як прырода звязаная з людзьмі і зменай клімату, і як змена клімату ўплывае на прыроду.

Сёлета Беларусь далучыцца да акцыі ў дзясяты раз. Патухне падсветка Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, Мірскага замка, Брэсцкай крэпасці, Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, Акадэміі навук Беларусі, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, мінскага ЦУМа, сеткі гіпермаркетаў Green, Нацыянальнага вялікага тэатра оперы і балету, паведамляе прэс-служба Таварыства «Зялёная сетка».

Летась у «Гадзіне Зямлі» удзельнічалі 25 мільёнаў чалавек з 187 краінаў. Падсветку пагасілі больш, як на 3100 будынках. У Беларусі летась ашчадзілі 29 000 кВт*г энэргіі. Акцыю ў Беларусі ладзіць Таварыства «Зялёная сетка».