«Пры першым жа зручным моманце беларушчына і незалежная журналістыка праб’ецца праз асфальт. Гэта закон жыцця. Ніякі жандарм, ніякая турма, ніякія драконаўскія законы не здолеюць гэтаму нічога супрацьпаставіць», — словамі Міколы Маркевіча, які стварыў газету «Пагоня», адкрылася выстава «Непадцэнзурная Гародня 1983−2018».
— Выстава стала своеасаблівым летапісам свабоды слова ў Гродне за апошнія 30 год, — расказвае Вольга Корсун, адна з арганізатарак выставы. — Яна расказвае пра час, калі ў Гродне з’явіліся першыя непадцэнзурныя часопісы і газеты, пра пераслед журналістаў і іх змаганне за прафесію і права быць свабоднымі. Мы хацелі перадаць дух той эпохі. Гэта быў перыяд шалёнага ўздыму і свабоды слова. Таксама мы падкрэслілі характэрную рысу гарадзенцаў - жаданне быць свабодным. Мне падаецца, што ў нас асаблівыя людзі і ўвесь горад прапітаны прагай да свабоды.
На выставу сабраліся тыя людзі, якія яшчэ ў савецкі час стваралі непадцэнзурныя выданні. У іх прамовах былі і аптымістычныя, і песімістычныя прагнозы.
«Не думаю, што сёння можна вярнуць нешта назад. Час газет прайшоў. Прайшлі часы, калі журналісты былі ўладарамі думак, калі каля кіёскаў стаялі чэргі. Цяпер іншыя ўмовы», — кажа Сяргей Астраўцоў, журналіст «Радыё Свабода».
Медыяэксперт Вітаўт Руднік лічыць, што газеты «Пагоня» і «Біржа інфармацыі» і сёння былі б паспяховымі медыяпраектамі, але не газетамі, а сайтамі. Але аднавіць выданні не атрымалася.
Шмат размоваў вялося і пра журналісцкую салідарнасць. «Салідарнасць у тыя часы была вельмі моцная. І на суды хадзілі, і на акцыі. І гэты інструмент сапраўды працаваў», — кажа Ірына Чарняўка. Алена Раўбецкая дадае, што на суды да журналістаў хадзілі і звычайныя грамадзяне. Зараз жа, кажа фрылансер Андрэй Мялешка, прафесійнай салідарнасці ён не адчувае.
Выстава заняла ўсе сцены Цэнтра гарадскога жыцця. І гэта толькі 40% архіўных матэрыялаў, якія знайшлі арганізатары выставы. Яны некалькі месяцаў працавалі з архіўнымі дакументамі і фотаздымкамі ў бібліятэках і асабістых архівах герояў тых падзей.
Арганізатары спадзяюцца, што астатнія матэрыялы таксама ўбачаць свет у выглядзе кнігі ці музейнай экспазіцыі. Алена Раўбецкая, колішняя рэдактарка «Біржы інфармацыі», лічыць, што выставу неабходна перанесці на большую пляцоўку. Туды варта запрашаць студэнтаў журналісцкіх факультэтаў, каб паказаць гісторыю гродзенскай журналістыкі.
Арганізавалі выставу пляцоўка HrodnaMediaRoom і Цэнтр гарадскога жыцця пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў. Выставу прысвяцілі стагоддзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізатары лічаць, што менавіта гэта стала падмуркам да незалежнасці сучаснай Беларусі і дэмакратычных каштоўнасцей. У тым ліку, і свабоды слова.
Выставу можна будзе пабачыць да 3 красавіка.
У АУС Гродна сфармавалі спісы найбольш актыўных футбольных заўзятараў і "дэструктыўна настроеных грамадзян". Туды ўвайшло…
Да 1 траўня ў Гродне адкрыюць амбулаторыю ў Грандзічах, уключаць фантаны. Само свята пачнецца з…
Сілавікі знайшлі чатырох непаўналетніх у Гродне і вобласці, якія распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы. Пра гэта напісана…
На "Гродна Азот" усё часцей спрацоўвае пажарная сігналізацыя - у параўнанні з першым кварталам мінулага…
З 21 красавіка на маршруце Гродна-Мінск большасць маршрутак заменяць кітайскімі аўтобусамі Zhong Tong. Транспарт закуплялі…
Зараз праз памежныя пераходы ў Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) можна…