Кіроўцы ўбачаць вялізныя паласатыя шчыты на дарогах Гродзенскай вобласці. Так хочуць абараніць дарожных рабочых і іх тэхніку ад наездаў.
Шэсць прычэпаў са светлавым сігнальным пано памерам 1,7 на 2,5 метра з’явілася ў Гродзенскай вобласці, паведамляе «Гродненскя правда». Іх закупіла РУП «Гродноавтодор» для сваіх філіялаў у Гродне, Лідзе, Навагрудку, Ваўкавыску, Ашмянах, Слоніме.
— Гэта выклікана частымі выпадкамі наезду транспартных сродкаў на дарожную тэхніку, якая працуе на магістралях, — паведаміў генеральны дырэктар РУП «Гродноавтодор» Валер Венцковіч.
Светлавыя пано будуць выстаўляць у месцах працы дарожна-эксплуатацыйных службаў, па досведзе заходнееўрапейскіх краінаў. Кіроўцы змогуць здалёк убачыць папярэджанне, бо светлавыя імпульсы мігцяць кожную секунду. Стрэлкі пакажуць, у якім накірунку аб’ехаць участак рамонтаў.
Пакуль такія сістэмы ёсць толькі ў Мінскай і Гродзенскай абласцях.