У «Бара на Тэлеграфнай» новы ўладальнік. На аўкцыёне, які прайшоў у канцы 2017 года, установу за 545 тысячы рублёў набыла фірма з Баранавіч — тая самая, што раней купіла гасцініцу «Беларусь».
Новы ўласнік ужо заняўся распрацоўкай праекта. Якое кафэ адкрыецца на месцы вядомага бара, пакуль невядома. Але фармат установа цалкам зменіць.
Чаму бар раней канфіскавалі?
Службам спатрэбілася больш за тры гады, каб вызначыць лёс спрэчнага будынка. Толькі ў чэрвені 2017 года ўступіла ў законную сілу судовае рашэнне, згодна з якім права ўласнасці на будынак забаўляльнай установы прызнана за адным з кіраўнікоў фірмы «Кансент» Андрэем Лушчом. Фармальна ўласніцай бара раней лічылася жонка Лушча.
У ліпені 2017 года вядомая гродзенская ўстанова была перададзена ў даход дзяржавы ў сувязі з эканамічнымі злачынствамі былых уладальнікаў. Атрыманыя за бар грошы дзяржава выплаціць дольшчыкам, якія былі падманутыя фірмай «Кансент» пры будаўніцтве жылля на праспекце Касманаўтаў.
Даведка
Бар на вуліцы Тэлеграфнай з’явіўся ў пачатку 1970-х гадоў. Гродзенцы адразу яго палюбілі. Фірмовай стравай стала кураня-табака, яго падавалі да піва. Спачатку назвы новы бар не меў, але ў сярэдзіне 1980-х ён стаў афіцыйна называцца кактэйль-бар «Агеньчык». Імя, праўда, не прыжылося, і яго па-ранейшаму называлі барам на Тэлеграфнай. Пасля рамонту ў 2000-х установа атрымала афіцыйную назву «Бар на Тэлеграфнай».
Па ўспамінах вядомага гродзенскага краязнаўцы Віктара Саяпіна, «Бар на Тэлеграфнай» быў адзінай у горадзе ўстановай, дзе цягам дзесяцігоддзяў захоўваліся нейкія ўласныя традыцыі — перадусім фірмовае кураня да піва.