Гродзенскі кінапракат вырашыў узяць і паказаць у гарадскіх кінатэатрах стужку Сцівена Спілберга «Сакрэтнае дасье». Фільм пакажуць у кінатэатры «Кастрычнік» з 24 лютага па 7 сакавіка, распавяла дырэктар па кінапракаце прыватнага прадпрыемства «Інтэрфільм Дыстрыбьюшн» Інна Козырава.
Стужка прэтэндуе на прэмію «Оскар» у намінацыі «Лепшы фільм».
Гэта гісторыя пра тое, як у пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя дзве ўплывовыя газеты ЗША — Washington POST і NY Times — прымаюць рашэнне апублікаваць скандальныя матэрыялы Пентагона. Палітычная эліта спрабуе спыніць асвятленне сакрэтнай перапіскі пра Вьетнамскую вайну, падаўшы ў суд і пагражаючы закрыць газеты. Аднак выдаўцы маюць намер расплюшчыць чытачам вочы на дзяржаўныя тайны. У галоўных ролях граюць Мэрыл Стрып і Том Хэнкс.
Аўтар і вядучы праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў назваў драму «Сакрэтнае дасье» галоўнай кінапрэм'ерай гэтага тыдня ў Беларусі.
На сайце kinoteatr.megamag.by пакуль пазначаныя 5 сеансаў у Гродне: 24 і 25 лютага ў 16.40 і 26−28 лютага, а 21-й. Кошт квітка — каля 7 рублёў.
Яшчэ на пачатку лютага Hrodna.life звяртаў увагу, што оскараўскія фільмы мінаюць гарадзенскія кінатэатры. Напрыклад, з актуальных прэм’р можна было ўбачыць фільм «Цёмныя часы», але на вялікім экране гарадзенцы яго не ўбачаць.
Фільм ад сёння пакажуць у мінскіх кінатэатрах.