Кантрабанду з 125 тысяч пачак цыгарэт знайшлі на польска-беларускай мяжы ў пункце пропуску «Баброўнікі». Нелегальны тавар схавалі ў расейскай фуры, дзе мусіў знаходзіцца груз з сінтэтычнай смалой, піша podlaskie.kas.gov.pl.
Работнікі мытнай службы ў Баброўніках паклікалі на кантроль кіроўцу на расейскім ціры, аўто кіраваў 53-гадовы грамадзянін Расіі. Згодна з дакументамі ў грузавой машыне мусіў знаходзіцца груз з 1560 банкамі з сінтэтычнай смалой. Падчас пільнага догляду тавара праз рэнтген высветлілася, што замест смалы ў банкі змясцілі кантрабандныя цыгарэты.
У кожнай, фабрычна закрытай металёвай банцы было схавана па 80 пакункаў цыгарэт і пясок, вага якога мусіла праўдападобна імітаваць вагу дэклараванага тавара. Разгрузка, дакладнае спраўдвжанне ўсіх банак і пералік кантрабанды трываў каля двух сутак. У суме работнікі мытні знайшлі каля 125 тысяч пачак цыгарэт з беларускімі акцызамі.
«Супрацоўнікі нячаста сутыкаюцца з такімі метадамі кантрабанды цыгарэт, бо яе арганізатары выдаткоўваюць вялізныя грошы, звязаныя з яе падрыхтоўкай і лагістыкай такіх грузаў», — распавёў дырэктар падатковай адміністрацыі Беластока Войцех Арлоўскі.
Цыгарэты, грузавое аўто рэквізавалі, кіроўцу дапыталі. Зараз супрацоўнікі спраўджваюць, адкуль паходзіць нелегальны тавар і дзе ён мусіў трапіць.
Калі б затрыманы тытунь трапіў у нелегальны продаж, дзяржаўныя страты з-за невыплачаных падаткаў сягнулі б каля 3 мільёнаў злотых. За такую кантрабанду пагражае пазбаўленне волі нават да 10 гадоў.