Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт афіцыйна абвергнуў інфармацыю пра забарону на новы набор студэнтаў, якая з’явілася ў шэрагу медыя. Сёння ранкам «Еўрарадыё» апублікавала інфармацыю, што літоўскі ўрад ануляваў дазвол ЕГУ на аказанне адукацыйных паслуг з 1 ліпеня 2019 года, а таксама забараніў ЕГУ праводзіць сёлетнюю ўступную кампанію.
Як пазначана на афіцыйным сайце ўніверсітэта, атрымалася тэхнічная памылка:
«Абапіраючыся на вынікі нарады Ураду Літвы, якая адбылася 31 студзеня і дазволіла ўрэгуляваць прававы статус ЕГУ ў Літве, 12 лютага міністр асветы і навукі Літвы Юргіта Пятраўскене падпісала загад V-139 пра адтэрміноўку водзыву дзеючай ліцэнзіі ЕГУ да 1 ліпеня 2019 года. З-за тэхнічнай памылкі загад V-139 утрымліваў пункт пра забарону на набор абітурыентаў.
15 лютага міністр асветы і навукі Ю. Пятраўскене падпісала новы загад V-144, які ануляваў забарону на набор абітурыентаў. Такім чынам, ЕГУ афіцыйна можа ажыццяўляць набор студэнтаў».