Курсы беларускай мовы “Мова Нанова”, якія існуюць у Гародні ўжо 4 гады, мяняюць памяшканне і дзень правядзення. Цяпер заняткі будуць праходзіць па серадах у антыкавярні “Партал”, што на Вялікай Траецкай, 31.

Першыя заняткі ў новым месцы пройдуць 21 лютага і будуць прысвечаны беларускаму бізнесу і святкаванню Дня роднай мовы. Пра тое, як гэта – весці бізнес па-беларуску, раскажа Андрэй Несцяровіч, уласнік “Цудоўні”, гандлёва-культурніцкай прасторы, дзе можна знайсці рэчы ў нацыянальным стылі і кнігі па-беларуску, а па вечарах — трапіць на цікавую імпрэзу.

Яшчэ адным госцем будзе правазнаўца з Гомеля, больш вядомы як “моўны інспектар” – Ігар Случак, які з’яўляецца адным з аўтараў сайта svaje.by.

Чытайце яшчэ:  “Моўны інспектар” у гродзенскім “Евроопте”: ці атрымаецца прадаваць “буракі” замест “свеклы”?

Svaje.by – гэта каталог беларускамоўных бізнесаў, якія абслугоўваюць кліентаў па-беларуску, выкарыстоўваюць беларускую мову ў рэкламе і вонкавым афармленні, падтрымліваюць беларускаарыентаваныя культурніцкія праекты. Ігар распавядзе, якія магчымасці дае сайт для беларускамоўных вытворцаў і спажыўцоў.

Гэта першы падобны сайт у гісторыі Беларусі, зараз на ім зарэгістравана каля 300 беларускамоўных бізнесаў і месцаў.

На заняткі арганізатары прапануюць прыйсці ў строях, вышыванках, вышамайках і паўдзельнічаць у конкурсе “Самы беларускі беларус”. Тыя, чые “лукі” будуць найбольш па-беларуску цікавымі і адметнымі, атрымаюць добрыя падарункі.

Курсы бясплатныя і папярэдняга запісу не патрабуюць. Заняткі пачнуцца а 19-ай гадзіне.

Сачыць за абвесткамі можна на нашым сайце і ў суполках на Facebook і VKontakte

Чытайце яшчэ:  Якім было старадаўняе вяселле, расказаў Іван Кірчук на курсах "Мова Нанова"

У новы дзень і ў новым месцы: курсы “Мова Нанова” пераязджаюць

Чытайце яшчэ:  “Супадзенне? Не думаю!” Тыдзень чытання Hrodna.life натхніў Ігара Случака завесці блог пра Гомель і Гродна