У аўторак 13 лютага “Нёман” гасцяваў у Мінску у мясцовага “Юнацтва” і абыграў гаспадароў лёду з лікам 2:0. Перамога над прынцыповым супернікам дазволіла чырвона-чорным у турнірнай табліцы павялічыць адрыў ад пераследвальнікаў да 6 ачкоў.
У Мінску на сваім лёдзе «Юнацтва» мела магчымасць зраўняцца па набраных ачках з «Нёманам», але зрабіць гэта камандзе Міхаіла Захарава не ўдалося. Гродзенцы дамінавалі на працягу двух перыядаў, што ў выніку і прынесла станоўчы вынік.
“Юнацтва” – “Нёман” 0:2 (0:1, 0:1, 0:0)
галы:
10.28 0:1 – Ляўша (Рэмезаў)
28.09 0:2 – Грынь (Пасют, Дзярлюк, – бол.)
Сяргей Пушкоў пасля матчу:
– Думаю, абедзве каманды разумелі, што гульня ішла за шэсць ачкоў. Задаволены хлопцамі, што яны вельмі сур’ёзна паставіліся, дысцыплінавана гулялі на працягу ўсяго матчу, стваралі моманты і ў пазіцыйнай атацы, і было досыць шмат створана контратак, калі «Юнацтва» стала дзейнічаць больш актыўна. І гульнёй, і вынікам я застаўся задаволены. Хлопцы добра папрацавалі, віншую іх з перамогай.
Пасля перамогі над “Юнацтвам” каманда Сяргея Пушкова мае ў сваім актыве 88 ачкоў. Другое месца дзеляць тры каманды, якія набралі па 82 балы – «Юнацтва», «Гомель» і «Шахцёр».
Наступны матч “Нёман” правядзе ў пятніцу 16 лютага ў Гродне, дзе будзе прымаць “Дынама-Маладзечна”.


