Псіхолага-кансультацыйны цэнтр адкрылі на факультэце псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы. Усім ахвотным тут абяцаюць дапамагчы разабрацца ў сабе, пераадолець цяжкую жыццёвую сітуацыю, наладзіць адносіны з блізкімі і стаць больш упэўненым, піша “Гродзенская праўда“.

– Цэнтр створаны для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, хто не можа самастойна разабрацца з псіхалагічнымі праблемамі і хацеў бы звярнуцца да спецыяліста, – адзначыла падчас адкрыцця цэнтра дэкан факультэта псіхалогіі Ганна Ракіцкая. – Працаваць у псіхолага-кансультатыўным цэнтры будуць супрацоўнікі нашага факультэта, сертыфікаваныя спецыялісты, якія валодаюць неабходнымі навыкамі і ведамі ў галіне экзістэнцыяльнай псіхалогіі, гештальт-тэрапіі, нейралінгвістычнага праграмавання, арт-тэрапіі, пазітыўнай псіхалогіі і гэтак далей.

Чытайце яшчэ:  Купалаўскі ўніверсітэт прадставіў віртуальны тур па галоўным корпусе

Акцэнт у цэнтры робяць на прафесіяналізм супрацоўнікаў, бо многія з іх зрабілі сабе імя як практыкуючыя псіхолагі. Тут можна атрымаць індывідуальную псіхалагічную кансультацыю або наведаць групавы трэнінг. Ёсць праграмы для дарослых і дзяцей.

У планах цэнтра – арганізаваць анлайн-кансультаванне, што зробіць псіхалагічную дапамогу больш даступнай для жыхароў не толькі Гродна, але і іншых населеных пунктаў.

У цэнтры на базе Купалаўскага ўніверсітэта ўсіх ахвотных будуць кансультаваць псіхолагі