Падрыхтаваць сваіх трэнераў, палепшыць кваліфікацыю ў кіраванні праектамі, навучыцца рэалізоўваць медыйныя спецпраекты і кампаніі і ўсё гэта — на карысць тваёй малой радзімы! Скарыстайся магчымасцю ўзяць удзел у комплекснай адукацыйнай праграме, распрацованай рэгіянальнымі грамадскімі арганізацыямі для такіх жа рэгіянальных арганізацый.
Каго запрашаем у Акадэмію
Тых, хто займаецца нефармальнай адукацыяй, піша пра тое, што адбываецца ў яго мясцовасці, стварае праекты, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця сваіх землякоў і на развіццё свайго рэгіёна.
З чаго складаецца праграма
Трэнінг для трэнераў
Адабраная каманда трэнераў пройдзе грунтоўнае навучанне па асноўных аспектах трэнерскага майстэрства, распрацуе праграму кожнай з трох Акадэмій і правядзе трэнінгі ў межах Акадэмій, карыстаючыся падтрымкай дасведчаных трэнераў-ментараў.
Рэгіянальная Акадэмія Адукатараў
Гэта курс адрасаваны тым, хто займаецца альбо плануе займацца адукацыйнымі праграмамі для жыхароў розных узростаў у сваёй мясцовасці.
Курс складаецца з двух трэнінгаў і выканання дыстанцыйных заданняў у перапынку паміж імі.
У час курса ўдзельнікі пазнаёмяцца з рознымі падыходамі да планавання дызайну адукацыйных праграм, вызначэння іх мэтаў і задач з улікам патрэбаў мэтавых груп, структуравання зместу, а таксама з рознымі інтэрактыўнымі метадамі навучання і спосабамі ацэнкі эфектыўнасці навучання.
Удзельнікі распрацуюць уласныя адукацыйныя праграмы, якія будуць сфакусаваныя на пытаннях рэгіянальнага развіцця, развіцця мясцовых ініцыятываў, паляпшэння якасці жыцця жыхароў рэгіёну.
Рэгіянальная Акадэмія Першых
Да ўдзелу ў гэтым курсе запрашаем найперш лідараў мясцовых грамадскіх арганізацый і ініцыятыў.
Курс таксама складаецца з двух трэнінгаў і выканання дыстанцыйных заданняў у перапынку паміж імі.
У час курса ўдзельнікі паглыбяць свае веды і ўменні, звязаныя з кіраваннем арганізацыяй (кіраванне камандай, стратэгічнае кіраванне, асновы маркетынгу і сувязяў з грамадскасцю і гд), а таксама з кіраваннем праектамі, накіраванымі на рэгіянальнае развіццё і паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва свайго рэгіёна.
Рэгіянальная МедыяАкадэмія
Удзельнікамі гэтага курса стануць рэдактары і журналісты мясцовых сайтаў і блогаў, якія пішуць пра жыццё свайго рэгіёну.
Курс будзе сфакусаваны на такіх пытаннях, як вызначэнне стратэгіі развіцця медыя, планаванне цікавага для мясцовай аўдыторыі кантэнту, яго «упакоўка» і распаўсюджанне з дапамогай розных медыяплатформ, усталяванне зваротнай сувязі са сваёй аўдыторыяй.
Удзельнікі курса распрацуюць таксама канцэпцыі спецпраектаў і медыякампаній, накіраваных на інфармаванне жыхароў рэгіёна пра важныя для іх пытанні.
Форум інавацыйных ідэй на карысць рэгіянальнага развіцця
Форум збярэ лепшых выпускнікоў Акадэміі рэгіянальнага развіцця, прадстаўнікоў уплывовых грамадскіх і міжнародных арганізацый, журналістаў.
На працягу двух дзён будуць адбывацца дыскусіі, звязаныя з пытаннямі рэгіянальнага развіцця, майстар-класы ад вядомых экспертаў у гэтай галіне, а таксама прэзентацыя і абмеркаванне лепшых выпускных праектаў удзельнікаў Акадэміі.
Дзе атрымаць дадатковую інфармацыю пра Акадэмію і як заявіцца?
Глядзіце блог Акадэміі рэгіянальнага развіцця, дзе змешчана больш падрабязная інфармацыя пра кожную з нашых адукацыйных прапановаў, пра даты правядзення мерапрыемстваў.
Там жа вы знойдзеце формы заявак.
Хто арганізуе Школу
Рэгіянальныя арганізацыі з вялікім досведам адукацыйнай, сацыяльнай і культурніцкай працы ў сваіх мясцовасцях:
Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр «Трэці сектар» (Гродна)
Прыватная ўстанова «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» (Гродна)
Інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова «Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» (Брэст)
Цэнтр «Кола» (Магілёў)
Культурна-асветніцкая ўстанова «Віцебск для мяне»