Гродзенцы Святлана і Іван позна ўвечары 14 студзеня разам з сябрамі вярталіся з аквапарку ў санаторыі “Азёрны” ў абласны цэнтр, як раптам на 18-м кіламетры дарогі Гродна – Азёры – Астрына іх машына збіла зубра, піша “Тут.бай”.
Тры вялікія жывёлы нечакана выйшлі на праезджую частку. Двое ўцяклі, а адзін, спалохаўшыся святла аўтамабіля, проста замер на месцы.
– Мы як раз пераключыліся з блізкага на далёкае святло – і нечакана ўбачылі на дарозе жывёлу. Муж, вядома, адразу ж стаў тармазіць, але сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. Ехаў ён, дарэчы, з дазволенай хуткасцю 80 км / гадзіну. Машына разбітая ўшчэнт, зубр атрымаў сур’ёзныя траўмы. Мы вельмі спалохаліся. Адразу ж выклікалі ДАІ. На месца аварыі прыехалі прадстаўнікі службы аховы прыроды і спецыялісты з мясцовай гаспадаркі, дзе разводзяць зуброў, – кажа Святлана.
Паводле яе слоў, з’яўленне вялікіх жывёл на дарозе ў гэтым раёне не рэдкасць. А дарожных знакаў, якія б папярэджвалі кіроўцаў пра гэта, няма.
Як кажуць у СВК «Азёры», за ўвесь час гадоўлі зуброў, з 1999 года – гэта першы выпадак сутыкнення зубра з аўтамабілем.
– Усе зубры на вольным выпасе, і цалкам магчыма, што яны могуць выходзіць да дарогі. Гэта дзікія жывёлы, якія не абмежаваныя вальерамі, – кажа галоўны спецыяліст паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі СВК “Азёры” Гродзенскага раёна Аляксандр Сасімовіч.
Цяпер пагалоўе тут – амаль 200 зуброў, гэта адна з самых буйных папуляцый гэтых жывёл у Беларусі. Зубры, згодна з пастановай Савета міністраў, адносяцца да дзікіх жывёлаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, і знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.
У ДАІ Гродзенскай вобласці, каментуючы сітуацыю, пацвердзілі, што на гэтым участку сапраўды няма папераджальных аб магчымым з’яўленні зуброў дарожных знакаў. Кіроўцам раяць захоўваць хуткасны рэжым і быць больш пільнымі.
Праверка па канкрэтна гэтай аварыі ў Дзяржаўтаінспекцыі завершана. З яе вынікае, што «дарожна-транспартнае здарэнне адбылося з прычыны непрадбачаных дзеянняў жывёлы (зубра)». У дзеяннях вадзіцеля парушэнняў ПДР няма, а гэта значыць, што шкоду прыродзе за збітую жывёлу ён кампенсаваць не будзе. У адваротным жа выпадку давялося б заплаціць: «кошт» буйной жывёлы па законе складае 400 базавых велічынь. Аднак, калі гаворка ідзе пра ўключаных у Чырвоную кнігу відах, то сума павялічваецца ў тры разы – да 1200 базавых велічынь (29,4 тысячы рублёў, ці амаль 15 тысяч долараў у эквіваленце).
– Падобныя выпадкі – гэта так званыя нерацыянальныя страты. На месца ДТЗ выехаў наш спецыяліст, які ацэньвае сітуацыю і высвятляе, што рабіць з пацярпелай жывёлай. У дадзеным выпадку туша зубра была перададзена егеру СВК «Азёры», – распавялі ў інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
– Справа аб адміністрацыйнай адказнасці ў адносінах да майго мужа была спыненая. Аднак аказалася, што выпадак нестрахавы – і выдаткі на рамонт машыны нам ніхто не пакрые: уладальніка ж у зубра фактычна няма, ён з’яўляецца дзяржаўнай уласнасцю, – кажа Святлана.
У Беларускім бюро па транспартным страхаванні пацвярджаюць: у ДТЗ з дзікімі жывёламі разлічваць можна толькі на КАСКО.