Хутка за Палацам тэкстыльшчыкаў пачнецца будаўніцтва новага адміністрацыйна-гандлёвага аб’екта. Пакуль праект усё яшчэ распрацоўваецца, у цэнтр Гродна прыйшлі геолагі - яны будуць правяраць грунты.

Участак за Палацам тэкстыльшчыкаў на вуліцы Замкавай прадалі з аўкцыёну ў пачатку 2017 года для будаўніцтва там трохпавярховага будынка. Інвестар — літоўскі прадпрымальнік. Цягам года ішла падрыхтоўка неабходных дакументаў. Зараз праект усё яшчэ распрацоўвацца. Як будзе выглядаць новы будынак у гістарычнай частцы горада, пакуль яшчэ невядома.

Грунт у добрым стане

З 1 лютага на пляцоўцы на вулiцы Замкавай працуюць геолагі. Геалагічныя даследаванні даюць магчымасць высветліць, якія глебы прысутнічаюць на тэрыторыі. Ад гэтых даследаванняў залежыць, які тып падмурка неабходны для аб’екта.

Пакуль спецыялісты адзначаюць, што грунт пад будынак у добрым стане. Каб яго праверыць, геолагі з дапамогай адмысловай машыны апускаюць стрыжні на глыбіню да 8 метраў - яны апускаюцца без якіх-небудзь перашкод.

За Палацам тэкстыльшчыкаў, дзе мае быць навабуд, пачаліся геалагічныя даследаванні
Геолагі бяруць глебу за Палацам тэкстыльшчыкаў на даследаванне
Цікава, што на месцы, дзе з’явіцца новы будынак, да 1960-х гадоў існаваў цэлы квартал. На думку гісторыкаў і археолагаў за Палацам тэкстыльшчыкаў сапраўдны кландайк, дзе можна натрапіць на падмуркі пабудоў XVI стагоддзя.

[irp posts="15 697″ name="Вуліца Кляшторная, якую «дабіў» Дом быту: як выглядала, куды знікла і чаму яе трэба аднавіць"]

Даследаваць ужо позна?

Восенню 2016 года пры замене цеплатрасы за Палацам тэкстыльшчыкаў будаўнікі натыкнуліся не толькі на падмуркі старых пабудоў, але і на старыя падвалы. Вывучаць, што ім трапілася, не было часу: будаўнікі ішлі згодна з графікам.

За аб’ектам вёў археалагічны нагляд гісторык Сяргей Піваварчык. Тады спецыяліст казаў, што, магчыма, будаўнікі натыкнуліся на падмуркі разбуранага Дома рыбака, а можа і якога-небудзь іншага дома. Піваварчык адзначаў, што «турбавацца гродзенцам ужо позна». Маўляў, трэба было гэта рабiць яшчэ тады, калі будавалі Дом быту і Палац тэкстыльшчыкаў.

За Палацам тэкстыльшчыкаў, дзе мае быць навабуд, пачаліся геалагічныя даследаванні
Менавіта на гэтым участку, які быў прададзены інвестару, да 1968 г. стаялі тры камяніцы, якія былі пабудаваны ў др.п. XVII — п.п. XVIII стст.
Іншыя гісторыкі i краязнаўцы лічаць, што археалагічныя раскопкі перад будаўніцтвам на Замкавай праводзіць трэба — там маса археалагічнага матэрыялу, які ніхто не вывучаў.

[irp posts="19 009″ name="Забытыя мясціны Гродна: дом, ад якога засталася толькі рыбка"]