Свой праект гродзенцы задумалі ў пачатку восені 2017. Яго мэта — наведваць анамальныя, закінутыя ды аброслыя легендамі месцы Беларусі. Зараз у праекце знята пяць відэа, а два з іх ужо на фінальнай стадыі. Пілотны выпуск хлопцы апублікавалі 26 студзеня — ён прысвечаны малавядомаму бункеру ў Гродне.

«Як і абяцалі раней, мы выязджаем на розныя закінутыя і анамальныя аб’екты і спрабуем там зафіксаваць тое, што адбываецца. Стараемся шукаць тыя месцы, якія падмацаваныя якой-небудзь легендай. Напрыклад, як у Нясвіжскім замку з яго прывiдам, — распавядае аўтар праекта Дзмітрый Дзенісевіч. — Першая серыя ў нас пілотная, бо многія чакалі і пісалі мне. Мы вырашылі не цягнуць і паказаць грамадскасці і тым самым пазнаёміць з праектам. У першым выпуску я адправіўся ў падземны бункер у Гродне. Дзе ён знаходзіцца казаць не магу, але ведаюць гэтае месца нямногія.».

Дзмітрый распавядае, што ў савецкім бункеры можна натрапіць на паранармальныя з’явы. Пра іх ён распавядае ў відэа.

Верагодна, наступны выпуск таксама будзе пра закінуты савецкі бункер, які знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці. У будучынi хлопцы таксама плануюць пашырыць накіраванасць свайго праекта і гатовыя здымаць тое, як яны выжываюць у цяжкіх умовах.