Міжнародны марафон пройдзе 15 ліпеня, піша БЕЛТА. Кожны год старт і фініш марафону мяняюцца месцамі. Калі ў 2017 годзе атлеты пачыналі прабег з Гродна, то у 2018 годзе месцам старту будзе цэнтральная плошча Друскінінкая. Фінішная зона размесціцца на тэрыторыі ЦСК «Нёман» у Гродне.
Марафон прыцягвае атлетаў не толькі з Беларусі і Літвы, але і з іншых краін. 30 студзеня пачалася рэгістрацыя на новы прабег, падаць заяўку можна на афіцыйным сайце марафона.
«У 2017 годзе ўстанавілі новы рэкорд: ва ўнікальным прабегу паўдзельнічалі грамадзяне 16 дзяржаў. Спадзяемся, у гэтым годзе ён будзе пабіты. Бо парк „Аўгустоўскі канал“, у які ўваходзіць Гродна і ўвесь Гродзенскі раён, замежнікі могуць наведваць без візы, а значыць, удзел становіцца яшчэ больш даступным», — адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.
Удзельнікі пераадольваюць мяжу без спынення: пагранічны кантроль арганізаваны ў месцах старту і фінішу. У свеце сярод аналагаў вядомы толькі канадска-амерыканскі марафон.
Пераможцаў традыцыйна вызначаюць не толькі ў абсалютным заліку, але і ў некалькіх узроставых намінацыях.