З 9 па 25 лютага ў Пхенчхане пройдуць XXIII зімовыя Алімпійскія гульні. У шасці відах спорту выступяць 28 беларускіх атлетаў. Парадныя спартыўныя касцюмы беларускай дэлегацыі зробленыя ў Лідзе, піша «Лідская газета».
Форма для спартсменаў з Беларусі выраблена ў Лідзе спецыялістамі філіяла літоўскай кампаніі «Аудзімас». Адзначым, што экіпіроўку беларускіх удзельнікаў Алімпіяды-2016 у Рыа-дэ-Жанейра зрабілі тут жа.
— Камплект формы для беларускай дэлегацыі ўключае ў сябе 26 найменняў, аднак не ўсе яны былі зробленыя нашай кампаніяй, — кажа дырэктар філіяла Вольга Радкевіч. — У Лідзе выраблялася джэмперная група, парадныя спартыўныя касцюмы і майкі з нацыянальнай сімволікай. Экіпіроўку атрымаюць таксама функцыянеры, трэнеры, афіцыйныя асобы, гэта значыць, уся беларуская дэлегацыя. У адзенне дадзеных мадэляў апрануцца і паралімпійцы.
Як адзначылі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі, пры вырабе экіпіроўкі выкарыстаны самыя сучасныя рашэнні, асаблівая функцыянальнасць і камфортнасць мадэляў - усё для таго, каб забяспечыць максімальную зручнасць спартсменам і абарону ад неспрыяльных кліматычных умоў.