Мінскага дызайнера Аляксандра Чабатарова памятаюць па праекце “#ЯиМинск”. Другую частку свайго сэкстэта мастак прысвяціў Гродна.
Як напісаў у фэйсбуку Аляксандр, “Нягледзячы на ўсе складанасці і перашкоды, пры дапамозе Nikita Kostikov і інфармацыйнай падтрымцы Гродно24 былі адабраныя самыя цікавыя і знакавыя будынкі горада, размешчанага на берагах Нёмана, уважліва адмаляваныя трынаццаць аб’ектаў і дададзена назва”.
Для праекта “#ЯиГродно” былі зробленыя сцікеры для тэлеграма, “каб можна было дамаўляцца пра сустрэчы каля знакавых месцаў”.
Дызайнер запрашае да прапановаў па супрацоўніцтве і вытворчасці прадукцыі з гэтым дызайнам.
На пытанне, чаму менавіта Гродна стаў другім горадам пасля Мінска, для якога дызайнер намаляваў мерч, у інтэрв’ю Гродно24 Аляксандр патлумачыў:
“Як толькі ў свет выйшаў “ЯіМінск”, мне пачалі пісаць людзі з іншых гарадоў з жаданнем набыць такую ж прадукцыю з тым горадам, у якім жывуць яны. Так як гарадоў у нас шмат і ўсе не намалюеш, то прыйшла ідэя зрабіць для абласных, якія будуць бліжэй”.


