Выстава Наталлі Дораш адкрылася ў Цэнтры гарадскога жыцця 22 студзеня. Звычайна ў такі час, пасля Вадохрышча, праваслаўны святар адведвае прыхаджан,каб асвяціць жытло. Муж Наталлі – бацюшка, таму яна магла быць сведкам такіх сустрэч. Фотаздымкі матушкі-фатографкі даюць шанец пабачыць жыццё вёскі, яе традыцыі і жыхароў.

“Наталля фатаграфуе людзей на фоне іх жытла, як яно ёсць, – па словах краязнаўцы і фатографа Міколы Таранды, былы вясковец лёгка пазнае на здымках твары ды інтэр’еры. – Такія фота ў рамках былі ў кожнай хаце, такіх бабулек усе ведаюць”.

Яны дажываюць свой век у апусцелых вёсках, даношваюць купленыя ў 50-х рэчы і не хочуць пераязджаць да дзяцей у горад. Хіба толькі на пару месяцаў, у самыя маразы. Праз колькі гадоў іх зусім не застанецца. Пустыя хаты сельсавет знясе. Толькі выставы і нагадаюць, якой была вёска ІТ-краіны на пачатку ХХІ стагоддзя.
“Гэта не фатаграфія, гэта – любоў. Любоў да вёскі і да простага чалавека”, – азначае выставу актор і фатограф Аляксандр Касарскі.
У кожным кадры ён бачыць не проста “свет і ракурс”, але цэлую гісторыю. “Непрафесіянал скажа, што “і я так умею”. Але – не, не атрымаецца. Тут кожная драбяза пра многае раскажа. Непрафесіянал таго б і не заўважыў”.

Па словах аўтаркі, яе душа ляжыць менавіта да “драматычных” серый і сапраўдных традыцый: “Прыходзіць Вадохрышча і ўсе здымаюць палонкі. Маўляў, купанне – народная традыцыя. Ці стаяць у чэргах кіламетровых і цягнуць дахаты дзесяць літраў святой вады – народная традыцыя. Сапраўдная традыцыя – асвяшчэнне жытла пасля вадохрышча ды простыя шчырыя размовы бацюшкі з паствай”.






