Горад

«Гэтую каштоўнасць ніхто ніколі не рамантаваў». Чаму стары дом на Рэйманта абшываюць сайдынгам

Не дачакаўшыся капітальнага рамонту, гродзенская сям’я Давідчыкаў з 2017 года пачала самастойна рамантаваць свой стары дом на вуліцы Рэйманта. Жыць у ранейшых умовах ім было невыносна. Праўда, праз той жа рамонт цікавы дом у Новым свеце губляе сваю аўтэнтычнасць.

Прыватызавалі дом і пачалі рамонт

Шклавата і сайдынг ўжо замянілі тынкоўку і адкрытыя сцены на палове дома. Калі пацяплее, сям’я працягне рамонт і цалкам пакрые дом сайдынгам. Адкрытымі застануцца толькі калоны на ганку. Iх сям’я плануе адрэстаўраваць і пафарбаваць. Калоны застануцца адзіным элементам, які будзе нагадваць пра даўніну.

«Дом доўгі час быў у вельмі дрэнным стане і жыць было ў ім непрыемна. Мы хадзілі і казалі ў розныя інстанцыі, што патрабуецца рамонт, але выніку не было ніякага, — распавядае жыхар дома Анатоль Давідчык. — Шмат хто кажа — «гісторыка-культурная каштоўнасць». Дык гэтую каштоўнасць ніхто і ніколі не рамантаваў, а грошы на капрамонт мы плацілі рэгулярна. У савецкі час зрабілі толькі касметычны рамонт і ўсё. Пра што можна тады казаць?

Усе сцены былі ў дзірках. Каб жыць нармальна, нам давялося яго ўцяпляць і рамантаваць. Робім мы па сваіх магчымасцях, каб хоць неяк захаваць пабудову".

Анатоль паказвае на сцяну дома, дзе абвальваецца тынкоўка. А за ёй дранка, якая пачала гніць

Дом нікому не патрэбны акрамя жыхароў

Дом на вуліцы Рэйманта, 18 быў пабудаваны ў 1932 годзе з цэглы ў якасці дачы аднаго польскага памешчыка, які ў 1939 годзе пакінуў Гродна. Уладальнік дома прыязджаў з Польшчы ў канцы 1990-х гадоў і распавядаў цяперашнім жыхарам пра пабудову і ўчастак.

«Калі гэты пан прыязджаў, з ім размаўляла мая бабуля, — распавядае жонка Анатоля. - Гэты дом быў у яго дачай. Ён хадзіў па ўчастку і паказваў, дзе і што ў яго расло. Распавядаў пра кветнікі і пра суседзяў.

Мы ўсведамляем даўніну і прыгажосць дома, але калі б ён каму-небудзь быў патрэбны акрамя нас, ён бы выглядаў зусім інакш. А гадамі як маглі яго латалі і замазвалі, сачылі за ім. А цяпер час сур’ёзнага рамонту.

Людзі часта падыходзяць, фатаграфуюць, цікавяцца домам. Калі б сродкі нам дазвалялі, мы б атынкавалі і пафарбавалі цэнтральную частку з калонамі - але гэта трэба наймаць людзей, плаціць грошы».

Дом — не помнік архітэктуры

Краязнаўца Ігар Лапеха адзначае, што паводле заканадаўства Беларусі, калі жыхары набылі ва ўласнасць дом, то яны маюць права з ім рабіць усё, што захочуць. Вядома, калі пабудова не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

«Юрыдычна на Рэйманта гэта амаль такі ж дом, як і ўсе сучасныя пабудовы. І сёння рамонт там — не самае страшнае, што адбываецца ў Новым свеце. Там амаль згублены ўвесь драўляны мадэрн. Уладальнікі самі знішчаюць даўніну, бо іх пабудовы не з’яўляюцца помнікамі архітэктуры. Упраўленне архітэктуры нічога там не робіць, так што раён Новы свет ужо страчаны. Яшчэ 10 гадоў і там ужо нічога не будзе. Таму я ўжо нават не звяртаю ўвагу на прыбудовы і рамонты тых дамоў», — адзначыў Ігар Лапеха.

[irp posts="3891″ name="Андрэй Чарнякевіч пра архітэктурную спадчыну Гародні: «Мы страцілі роўна столькі, колькі паспелі сабе прысвоіць""]

Ва Упраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама на сённяшні дзень па дому на вуліцы Рэйманта нічога канкрэтнага сказаць не могуць: маўляў, спецыяліст, які адказвае за дадзены сектар, зараз у адпачынку. А галоўны архітэктар Генадзь Таламанаў больш там не працуе.

Частка дома №18 па вуліцы Рэйманта, якая выходзiць у двор, выглядае так.
А гэта частка дома №18 па вуліцы Рэйманта, якая выходзіць на дарогу.
Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024