Ноч на 16 студзеня стала самай халоднай у бягучым зімовым сезоне. Абсалютны тэмпературны мінімум гэтай зімы зафіксаваны ў Слаўгарадзе (Магілёўская вобласць) – 15,5 градуса марозу, пішуць naviny.by.

Ва ўсіх абласных цэнтрах і Мінску мінулая ноч таксама была самай халоднай. У Брэсце было 11,3 градуса ніжэй за нуль, у Гродне – 11,5, Менску – 13,2, Віцебску – 13,3, Магілёве – 13,7, Гомелі – 14 градусаў.

Да 10 і ніжэй градусаў тэмпература ўпершыню апусцілася ў ноч на 13 студзеня. У Віцебску гэта адбылося ў ноч на 14 студзеня, у Мінску і Гомелі – у ноч на 15 студзеня, Брэсце, Гродне і Магілёве – у ноч на 16 студзеня.

Самая цёплая ноч у Гродне была 25 снежня (плюс 5,4).

У бліжэйшыя суткі ў краіне пацяплее. Згодна з матэматычнай мадэллю доўгатэрміновага прагнозу на партале Gismeteo, маразы могуць паўтарыцца 24 і 25 студзеня, а таксама 9-11 лютага. Больш глыбокага пахаладання пакуль не прадбачыцца, піша БелаПАН.