Некалькі гадоў у Беларусі дзейнічае праграма па перасяленню беспрацоўных. У рэспубліканскім банку вакансій больш за 1600 прапаноў, за кожнай з якіх замацаваны квадратныя метры. Колькі гродзенцаў ўжо змяніла прапіску дзеля новага працоўнага месца, і чаму попыт на гэтую прапанову ў горадзе невысокі, разбіраўся «Гродна Плюс».

Спектр работ, як і ўзровень заробкаў, даволі разнастайны. Да прыкладу, кіроўца на раёне можа разлічваць на 500 рублёў, а вось галоўны ветурач ў гаспадарцы можа атрымліваць тысячу рублёў штомесяц. Галоўны бонус праграмы — жыллё. Адзінокім перасяленцам прапануюць пакой ці кватэру, а сем'і могуць разлічваць на ўласны дом.

Ці гатовыя гродзенцы мяняць прапіску дзеля новага працоўнага месца з жыллём?

— «Пры перасяленні грамадзян у сельскую мясцовасць, ім выплачваецца матэрыяльная дапамога 1780 рублёў. Пры пераездзе з горада ў горад выплачваецца 1384 рубля. Матэрыяльная дапамога з’яўляецца бязвыплатнай, пры ўмове, што на новым працоўным месцы грамадзянін прапрацуе не менш аднаго года. Як правіла, падшукваецца працоўнае месца і жонцы або мужу, і выплачваецца аналагічная матэрыяльная дапамога,» — расказвае Віктар Кісялёў, загадчык сектара ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама.

Попытам не карыстаецца

У 2017 годзе прапановай атрымаць працу і жыллё ў іншым месцы скарысталіся толькі тры гродзенцы. Такі сціплы попыт у цэнтры занятасці тлумачаць адсутнасцю мабільнасці сярод тых, хто шукае працу. У пераважнай большасці гродзенцы, нават маючы ва ўласнасці толькі квадраты ў інтэрнаце, не хочуць пакідаць абласны цэнтр. Больш за тое, згаджаюцца на працу, размешчаную ў крокавай даступнасці. Хаця перасяленне зусім не азначае прапіску ў вёсцы. У банку вакансій сотні работ і ў гарадах. Так у мінулым годзе двое з сушукальнікаў з’ехалі ў Слонім і Масты.