Застаюцца лічаныя дні да адкрыцця крытага вяровачнага парку ў Гродне, які можна будзе наведваць у любую пару году, незалежна ад надвор’я. Ён знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры «Карона» ў зале Д.
У новым парку пабудаваныя дзве трасы: “верхняя” і “ніжняя”. “Верхняя”, працягласцю каля 200 метраў, прызначана для дзяцей і дарослых. “Ніжняя” толькі для дзяцей, яе даўжыня крыху менш за 100 метраў.
Праект парку быў узгоднены з «Каронай» яшчэ летась, але рэальныя працы пачаліся зусім нядаўна. Каб сабраць вяровачны парк спатрэбілася каля трох месяцаў.
“Гэта наш не першы такi парк у Гродне [першы працуе ў Пышках на адкрытым паветры – рэд.]: мы ведаем, дзе людзі робяць памылкі, і што рабіць, каб ім было зручна і цікава. Трасы ў нашым новым парку даволі складаныя – нават спрактыкаванаму кліенту будзе цікава. Парк будзе самым вялікім у Беларусі, – распавядае дырэктар Мікалай Паўлюкевіч. – Унікальнасцю новага парку стануць цікавыя этапы на трасах, напрыклад, пераадоленне на скейтах і ровары пад ухілам, а таксама бесперапыннае праходжанне на адной страхоўцы”.
Скаладром і лазертаг
У парку ёсць і скаладром, разлічаны на дзяцей і дарослых. Адзін са скаладромаў будзе цікавы і прафесіяналам.
“У новым парку мы робім у першую чаргу акцэнт на бяспеку. Усюды будзе прысутнічаць інструктар. Апроч вяровачных трас і скаладрома, мы з МЧС плануем запусціць секцыю “юнага пажарнага”, дзе будзе свая спецыяльная паласа і вежа. Таксама з’явіцца лазертаг”, – дадаў Мікалай.
Пачатак працы – ужо ў студзені
Плануецца, што вяровачны парк пачне працу ў тэставым рэжыме ўжо да 20 студзеня. У парку плануюць працаваць першы час па графіку “Кароны” з 10.00 да 20.00. Цэны на трасы: ад 8 рублёў на “ніжнюю” і ад 12 на “верхнюю”. Скаладром ад 5 рублёў.








