Застаюцца лічаныя дні да адкрыцця крытага вяровачнага парку ў Гродне, які можна будзе наведваць у любую пару году, незалежна ад надвор’я. Ён знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры «Карона» ў зале Д.

У новым парку пабудаваныя дзве трасы: «верхняя» і «ніжняя». «Верхняя», працягласцю каля 200 метраў, прызначана для дзяцей і дарослых. «Ніжняя» толькі для дзяцей, яе даўжыня крыху менш за 100 метраў.

Праект парку быў узгоднены з «Каронай» яшчэ летась, але рэальныя працы пачаліся зусім нядаўна. Каб сабраць вяровачны парк спатрэбілася каля трох месяцаў.

«Гэта наш не першы такi парк у Гродне [першы працуе ў Пышках на адкрытым паветры — рэд.]: мы ведаем, дзе людзі робяць памылкі, і што рабіць, каб ім было зручна і цікава. Трасы ў нашым новым парку даволі складаныя — нават спрактыкаванаму кліенту будзе цікава. Парк будзе самым вялікім у Беларусі, — распавядае дырэктар Мікалай Паўлюкевіч. — Унікальнасцю новага парку стануць цікавыя этапы на трасах, напрыклад, пераадоленне на скейтах і ровары пад ухілам, а таксама бесперапыннае праходжанне на адной страхоўцы».

Скаладром і лазертаг

У парку ёсць і скаладром, разлічаны на дзяцей і дарослых. Адзін са скаладромаў будзе цікавы і прафесіяналам.

«У новым парку мы робім у першую чаргу акцэнт на бяспеку. Усюды будзе прысутнічаць інструктар. Апроч вяровачных трас і скаладрома, мы з МЧС плануем запусціць секцыю „юнага пажарнага“, дзе будзе свая спецыяльная паласа і вежа. Таксама з’явіцца лазертаг», — дадаў Мікалай.

Пачатак працы — ужо ў студзені

Плануецца, што вяровачны парк пачне працу ў тэставым рэжыме ўжо да 20 студзеня. У парку плануюць працаваць першы час па графіку «Кароны» з 10.00 да 20.00. Цэны на трасы: ад 8 рублёў на «ніжнюю» і ад 12 на «верхнюю». Скаладром ад 5 рублёў.