З 4 студзеня ў Гродне ў тэставым рэжыме запрацуе яшчэ адна кіназала. Паглядзець фільмы з асаблівай камфортнасцю можна будзе ў моладзевым цэнтры “Гродна”, піша “Гродзенская праўда“.
Кіназала размесціцца ў прасторным памяшканні, дзе зараз праводзяць дыскатэкі. Галоўная асаблівасць – незвычайныя крэслы-рэклайнеры, якія выконваюць некалькі функцый. Гледачы змогуць апускаць спінку або ставіць ногі на адмысловую падстаўку, каб адпачылі ногі.
– Ужо ўсталяваныя 12 крэслаў-рэклайнераў і 10 лежакоў, – распавёў дырэктар моладзевага цэнтра “Гродна” Міхаіл Шышкоў. – Рыхтуюцца подыумы яшчэ для дзясятка рэклайнераў.
На поўную магутнасць кіназала запрацуе да канца студзеня – пачатку лютага і зможа прыняць адначасова да 50 гледачоў. Тады запланавана і афіцыйнае адкрыццё.
– Галоўнае адрозненне новай залы не толькі ў яго незвычайным фармаце, але і ў якасці карцінкі, – дадаў Міхаіл Шышкоў. – Набылі новае абсталяванне, якое на сённяшні дзень дае найлепшую 3D-карцінку.
На час вячэрніх мерапрыемстваў будзе зноў трансфармавацца ў танцавальную пляцоўку.
Першай пакажуць стужку для юных гледачоў – мультфільм «Цуда-Юда». Да 10 студзеня тут таксама можна будзе паглядзець навагоднюю камедыю «Ёлкі новыя» і біяграфічны мюзікл «Найвялікшы шоўмэн». Кошт квіткоў – 4 і 8 рублёў у залежнасці ад месца ў залі.