Некаторыя абласныя цэнтры перасычаныя жыллём – 888 кватэр ва ўжо ўведзеных дамах яшчэ не прададзеныя. Пра гэта распавёў сёння міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны, піша “Тут.бай”.

– Больш за ўсё нерэалізаваных кватэр на Гарадзеншчыне, – распавёў Анатоль Чорны. – У дамах, якія будуюцца, па ўсёй краіне парадку 240 тысяч квадратных метраў не знайшлі пакупніка – але дамы яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю, так што гэтая лічба плаваючая.

– Гродна будуе шмат і танна, – працягнуў Анатоль Чорны. – «Гроднажылбуд» актыўна працуе на рынку, будуе сам цэлыя мікрараёны. Але тут ужо ўзнікаюць пытанні па рэалізацыі. Зрэшты, заробак расце, павінна расці і пакупніцкая здольнасць. Так што праблемай лішак пабудаванага жылля ў перспектыве не будзе.

Прагноз па кошце квадратнага метра ў 2018 годзе, удакладніў Анатоль Чорны, не змяняецца – з дзяржпадтрымкай метр па-ранейшаму будзе каштаваць адзін сярэдні заробак. Кошт камерцыйнага жылля будзе дыктаваць рынак. У наступным годзе ў планах – узвядзенне 4 мільёнаў квадратных метраў жылля. З іх 900 тысяч – з дзяржпадтрымкай.