Рэдакцыя правяла ледзьве не расследаванне, чаму ў Юрыя Мацко забралі памяшканне ў цэнтры горада, якое мастак арандаваў пад арт-студыю. Выснова цэнтральнай газеты краіны напрыканцы артыкула дае пэўную надзею: “Аднак галерэя “Крыга” дзякуючы творчасці і высілкам Юрыя Мацко за гэтыя гады стала ўпрыгожваннем горада. І гэта дае падставу да ўзніклай сітуацыі не падыходзіць строга фармальна”.
Карэспандэнт газеты Алена Сямёнава змясціла ў службовай запісцы ліст чытача Сяргея Кандрычына, які занепакоены лёсам “Крыгі”. Тут шмат гадоў праводзіліся выставы мастакоў з усёй Беларусі, а талент Юрыя Мацко атрымаў прызнанне і за межамі Беларусі, ягоныя працы ўпрыгожваюць шмат месцаў. Абурэнне чытача выклікала сітуацыя, як проста знянацку ў галерэю прыйшлі камунальныя службы з міліцыянтамі з патрабаваннем вызваліць памяшканне.
Развагі Сяргея, змешчаныя на старонках “СБ”, адносна канфліктнай сітуацыі вельмі красамоўныя, і з імі нельга не пагадзіцца:
“Ситуация более–менее понятная: ну «не наш человек», и все тут. Это с высоких трибун будет вещаться о том, что Беларусь — благоприятная среда для жизни каждого человека, еще и туристические потоки будут привлекаться. Действительность же наша гораздо примитивнее, причем некоторые иностранцы едут сюда целенаправленно, чтобы удивиться тому, как в такой среде можно выжить”.
І яшчэ:
“Очевидно, что не все такие оптимисты, как кузнец Юрась Мацко, и не все достигли таких же результатов в своей жизни, но если этот случай останется незамеченным или будет трактоваться как должное, то уровень доверия к власти, ее моральный престиж будет опускаться…”
Што тут дадасі?
Алена Сямёнава падрабязна апісала тлумачэнні камунальных службаў, па якой прычыне з гарадзенскім кавалём скасавалі дамову арэнды.
У размове з карэспандэнткай Юрась Мацко выказаў меркаванне, што магчымая прычына сітуацыі – чыста эканамічная: можа, трэба вызваліць плошчы. Ён спадзяецца, што шанец вярнуць памяшканне ёсць – пры патрэбе майстра гатовы прыбраць перапланіроўку і адкрыць акно.
Дырэктар УЖРЭП Ленінскага раёна Дзмітры Савашэвіч сказаў, што пытанне, каму аддаць у арэнду пустуючае на дадзены момант памяшканне, вырашыць камісія.
Цалкам пазнаёміцца з артыкулам “СБ” можна тут.
Нагадаем, 14 лістапада ў галерэю “Крыга” зайшлі прадстаўнікі гарадской адміністрацыі і міліцыянты. Гарадскія ўлады разарвалі дамову арэнды з уласнікам галерэі Юрыем Мацко. Падставай для разрывання дамовы стала перапланіроўка – замураванае акно і прабіты праход паміж пакоямі. Па словах Юрася, гэта рабілася для павялічэння выставачнай прасторы сем гадоў таму і дагэтуль нікому не перашкаджала.
Майстра казаў, што не атрымліваў папярэджання за месяц, прадстаўнікі УЖРЭП казалі адваротнае. Ён лічыць, што спачатку яго павінны былі папрасіць выправіць недахопы, і ўжо тады перарываць дамову.




